Сяржук Русецкі: Не ведалі і не будуць ведаць дэпутатаў
Выбарчая кампанія ў мясцовыя саветы ў Бярозе прайшла незаўважна і вельмі сціпла.
Не было выступаў па мясцоваму тэлебачанню, не было ўлётак з праграмай, вулічную агітацыю вяла толькі кандыдат ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Таццяна Тарасевіч. З усяго кандыдацкага корпуса толькі 9 чалавек адкрылі выбарчыя фонды для стварэння нейкай агітацыйнай прадукцыі.
Цяжка паверыць, што выбаршчыкі галасуюць свядома, кажа наглядальнік за выбарамі Сяржук Русецкі:
– Я думаю, што большасць, як раней не ведалі сваіх дэпутатаў, так і надалей не будуць іх ведаць. Не чулі пра тых кандыдатаў, прагаласаваўшы тут жа пра іх і забудуцца. Напрыклад, на выбарчым участку ў аграгарадку Кабакі жанчына прыйшла: “Вы назіральнік?”. І давай мне скардзіцца, што дарога не пасыпана пяском, што можна паслізнуцца, а яна перад гэтым зламала нагу. Я пытаюся: “А чаму вы звяртаецеся на назіральніка? Чаму вы не звяртаецеся да камісіі? Да старшыні камісіі? Да свайго старшыні сельсавета? Дэпутата?”. Кажа: “Дык дэпутатаў жа няма”. “Дык вы да гэтага як не звярталіся да цяперашняга дэпутата, так не будзеце звяртацца і да наступнага. Ад каго вы хочаце, каб нехта штосьці пасыпаў?”.
Паводле Сяржука Русецкага, дзякуючы цяперашняй уладзе, выбары ў Беларусі ператвораны ў фарс.
Беларускае Радыё Рацыя