Вадзім Саранчукоў: Улады пачалі практыкаваць „каруселі”



Кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў канстатуе, што на мясцовых выбарах 2018 года ўлады Гародні выкарыстоўваюць адміністрацыйны рэсурс, у тым ліку так званыя “каруселі”, калі настаўнікаў адпраўляюць галасаваць на іншыя ўчасткі:

– Нягледзячы на тое, што адсутнічае парог яўкі ў Беларусі, пачалі практыкаваць так званыя “каруселі”. Настаўніц, напрыклад, трынаццатай школы, пераапранаюць і адпраўляюць галасаваць на іншыя ўчасткі. Абсалютна незразумела навошта завышаць гэтую яўку, калі браць пад улік, што асаблівага падліку галасоў няма. Вось такія тэхналогіі зараз абкатваюцца, хутчэй за ўсё гэта для таго, каб трымаць у тонусе сяброў камісіі, якія ў перспектыве ў 2019-20 гг., будуць арганізоўваць прэзідэнцкія і парламенцкія выбары.  

Палітык канстатуе, што ў горадзе таксама адбываюцца спробы выдаляць назіральнікаў за тое, што яны заўважаюць парушэнні:

– Мая давераная асоба сустрэла на ўчастку чалавека, які прыйшоў і заявіў, што яго камендант інтэрната адправіў галасаваць, што з’яўляецца прымусам да галасавання. Назіральнік, згодна з інструкцыямі, звярнуўся да старшыні камісіі, адзначыў, што гэта парушэнне. На гэта старшыня камісіі заявіў, што ён умешваецца ў працу і яго пазбавяць акрэдытацыі. Мы прадбачылі такую сітуацыю, сапраўды так было, мы замянілі гэту давераную асобу на іншага чалавека.

Вадзім Саранчукоў канстатуе, што ўжо зараз гэтыя выбары нельга назваць сумленнымі і справядлівымі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня