Суд адправіў на дапрацоўку справу Андруся Козела (абноўлена)
Суддзя Цэнтральнага раёна Іван Касьцян адправіў на дапрацоўку справу аператара тэлеканала «Белсат» Андруся Козела. Яго вызвалілі з-пад варты. 18 лютага Андрусь Козел быў збіты на 27-м выбарчым участку падчас здымак выбараў у Менскі гарсавет. Паводле пратаколу аб адміністрацыйным парушэнні, які зачытаў судзьдзя, Андрусь Козел адмовіўся пакінуць выбарчы ўчастак на загад міліцыянта, «хапаўся за вопратку міліцыянта, працягваў рабіць відэаздымкі» з участку пасьля забароны здымаць.
Паводле Андруся Козела, міліцыянты не патлумачылі, чаму яму нельга здымаць на выбарчым участку і ўжылі сілу. Андрусь Козел сказаў, што пры складанні пратакола, яму не задавалі пытаньняў, „пратакол міліцыянт складаў пад дыктоўку свайго начальніка”.
* * *
Ноч журналіст правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Яго затрымалі ў нядзелю на ўчастку, дзе А. Козел здымаў працэс выбараў. Журналісту можа пагражаць штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў (490-1225 рублёў) альбо адміністратыўны арышт да 15 сутак за непадпараванне міліцыі.
Андрусь Козел заявіў суддзі, што яму не далі часу азнаёміцца са справай, таму просіць даць магчымасць з ёю азнаёміцца. Суддзя абвесціў перапынак на 20 хвілінаў (да 16:15).
„Тры разы ўдарылі па галаве, білі па рэбрах і нырках. Цяпер вельмі баліць галава, ніякай медычнай дапамогі не аказалі, усе просьбы ігнаравалі. У мяне ўсё было ў крыві. Мяне павезлі ў РУУС. У дзяжурнай частцы я пачаў пісаць заяву пра збіццё ў пракуратуру. Пасля забралі мяне ў іншы пакой, забралі ўсе рэчы. Пасля туды з’ехаліся чыноўнікі ў цывільным. Ціску ў ЦІП не было, але не давалі копію пратаколу. Ва ўсіх месцах, дзе патрабавалі мой подпіс, напісалі, што я адмовіўся ад сведчанняў. Дзімтрый Кротаў даў загад міліцыянту адвезці мяне ў ЦІП. Мне не далі магчымасці азнаёміцца са справай. Маёр забраў мой ліст і напісаў у пратаколе, што я адміовіўся ад подпісу. Ён паставіў мяне да сцяны, пісаў пратакол, кудысці званіў і гаварыў, што не буду падпісваць. Я сказаў, што буду падпісваць, але ён не даў мне азнаёміцца. Пачаў біць і крычаць, што не будзе праз мяне ўсю ноч тут сядзець”, — цытуе словы Андруся Козела Белсат.
* * *
Андрэй Козел дастаўлены ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. 19 лютага ў судзе Цэнтральнага раёна адбудзецца разгляд яго справы. Міліцыя паведаміла жонцы, што медыцынская дапамога яму не запатрабавалася.
Здарэнне адбылося на участку №27 у Менску.
Журналіста, які вёў трансляцыю з участка ў Фэйсбук, затрымалі чацвёра супрацоўнікаў.
— Андрусь паспеў распавесці, што міліцыянты збілі яго пры затрыманні і яго галавой разбілі шкляныя дзверы на выбарчым участку, таму ўся галава аказалася рассечанай да крыві.
Ён вёў стрым з выбарчага ўчастка. Міліцыянты паспрабавалі забараніць яму гэта рабіць, але Андрусь патлумачыў, што мае права здымаць. Тады яго схапілі і сілай выцягнулі з залі, разбіўшы галавою дзверы, — расказала Беларускай асацыяцыі журналістаў жонка Козела Вольга Чайчыц.
Зараз Вольга Чайчыц разам з калегамі прыехала ў міліцыю. Дзяжурныя паведамілі ёй, што складаюць на Андруся Козела пратакол за непадпарадкаванне.
Па словах Вольгі, людзі бачылі акрываўленага журналіста, калі яго заводзілі ў пастарунак. Аднак хуткая дапамога пакуль у пастарунак не прыехала.