Супярэчлівасці



Даравальная нядзеля і выбары ў мясцовыя саветы – цікавае спалучэнне! Асабліва калі прыгадаеш пра Вялікі пост, што ў панядзелак распачынаецца… Ёсць пра што задумацца.

Зрэшты, бывае яшчэ цікавей. Вось нашы ўсходнія суседзі адзначыліся насамрэч “неардынарнай” падзеяй! Гульня пад назвай “Выбары” ў іх надарыцца трошачкі пазней, таму цяпер жыхары вёскі Мікола-Лянівец у Калужскай губерніі зладзілі іншыя гульні. На Масленіцу яны спалілі драўляны макет каталіцкага касцёла. Справа ў тым, што ў вёсцы Мікола-Лянівец створаны вялізны арт-парк з мноствам скульптур. І тут ёсць традыцыя – штогод будаваць і спальваць на Масленіцу новы арт-аб’ект. У гэтым годзе на заснежаным полі спалілі 30-метровы касцёл з галля ды драўлянага смецця.

Мерапрыемства прайшло пад назвай “Палымяная готыка”. Гуляць дык гуляць – няма пытанняў! Зрэшты, адно застаецца… Чаму ж не царква, не мячэт, а менавіта касцёл спалілі ў калужскай вёсцы? На зло буржуйскаму, але талерантнаму захаду, які не адпомсціць? У адрозненне ад іншых – зусім не талерантных — таварышаў? Сучасныя мастацкія перформансы наогул цяжка зразумець – ці то Асвенцім, ці то Калуга…

Самы бяспечны перформанс для нашай зімы – напячы бліноў ды іх з’есці! Начынка (ці яе адсутнасць!) залежыць выключна ад фантазіі ды заробкаў таго, хто пячэ! FINANCE.TUT.BY паглядзелі, хто з беларусаў можа дазволіць сабе самы вялікі блін. На першым месцы – прадказальна – айцішнікі. На апошнім – чакана! — бібліятэкары. Даруйце нам, шаноўныя ахоўнікі кніг! Жыццё ідзе далей… Ёсць пра што задумацца.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ