Сяргей Жадан: «Я гартаў у цягніку беларускую газету і адчуваў, што трапіў ва Украіну напярэдадні вайны»



Вядомы ўкраінскі літаратар Сяргей Жадан ужо трэці год прыязджае ў Беларусь на міжнародны паэтычны фестываль памяці Міхася Стральцова. На сёння ён хіба самы перакладаны беларусамі ўкраінскі літаратар пасля Тараса Шаўчэнкі. Напярэдадні фэсту ў серыі „Паэты планеты” выйшаў зборнік яго вершаў па-беларуску ў перакладах Андрэя Хадановіча.

Па завяршэнні фэсту Сяргей Жадан адказаў на пытанні Беларускага Радыё Рацыя.

РР: Ужо некалькі гадоў удзельнічаеце ў фестывалі „Вершы на асфальце”. Чым адметны сёлетні фэст?

— Ён традыцыйна цудоўны, добра арганізаваны і з цікавымі паэтамі. Прыемна бачыць, што ў Беларусі выдаюцца новыя кнігі, з’яўляецца шмат перакладаў і людзі актыўна наведваюць гэтыя мерапрыемствы. Нічога экстраардынарнага я не пабачыў ды гэта вельмі добра. Гэта той высокі ўзровень, які, спадзяюся, будзе і надалей.

Мяне ўразіў выступ Вальжыны Морт, я таксама прыдбаў і яе кніжку. Вельмі моцна. Вам пашчасціла, што ў вас ёсць такая паэтка.

РР: Што для Вас найбольш запамінальнае падчас наведванняў Беларусі?

— Людзі — беларусы, менчукі з якімі я сустракаюся. Чаму? Таму, што гэта добрыя, таленавітыя, адкрытыя людзі, якія робяць сваю справу, сапраўды робяць шмат для сваёй краіны, мовы ды культуры. Я сюды вяртаюся да сяброў і вельмі люблю прыязджаць у Менск. На вялікі жаль я не шмат паспяваю паблукаць па менскіх вуліцах.

У мяне ўжо традыцыйна так выходзіць, што я прыязджаю на Стральцоўскі фэст і вяртаючыся назад ва Украіну, лаўлю сябе на думцы, што я вяртаюся з Беларусі дапісваючы новую кнігу. Так было ў 2015 годзе, калі я дапісваў „Жыццё Марыі”, а ў пазамінулым годзе я дапісваў зборнік „Тампліеры”. У гэтым годзе таксама дапісваю новую кнігу. Таму, у пэўным сэнсе,  Беларусь прыносіць мне ўдачу.

РР: Як змены сітуацыі ва Украіне адбіваюцца на Вашай творчасці?

— Тэму вайны немагчыма абмінуць, бо гэта, пэўна, самае важнае, што зараз адбываецца ва Украіне. Ад таго, як разгортваюцца падзеі на Данбасе залежыць будучыня і тых, хто ваюе, і тых, хто не ваюе, і тых, хто жыве на Данбасе, і тых, хто жыве на Галічыне.

Я заўважаю як змянілася стаўленне многіх украінцаў да мовы. Гэта не азначае, што яны перайшлі на ўкраінскую, але тое, што яны з большай увагай і клопатам ставяцца да мовы гэта відавочна. Самыя важныя змены адбываюцца ў свядомасці людзей.

РР: Якія трансфармацыі зараз адбываюцца ва ўкраінскім грамадстве?

— Мы ўсе сталі больш дарослымі і адказнымі. Мы з большай увагай ставімся да таго, што ў нас ёсць і гатовыя гэта бараніць. Усё мяняецца і я веру, што гадоў пра 5-10 гэта будзе зусім іншая краіна. Сёння гэтага не бачна, шмат хто спяшаецца расчаравацца, крычаць, што ўсё прапала. Тое, што мы выстаялі ў 2013 годзе і знешняй агрэсіі не ўдалося знішчыць Ўкраіну – гэта ўжо вялікае дасягненне і сведчанне вялікай сілы народа. Трэба рыхтавацца да працяглай працы і не расслабляцца.

І беларусам я таксама раю не расслабляцца. Калі я сеў у цягнік Кіеў-Менск, там ляжала беларуская газета. Я прагартаў яе і было такое ўражанне, быццам патрапіў ва Украіну 2013 года. Мне здалося, што гэтая газета выдаецца ў Расеі і яна пра гэтую краіну. Уся культурніцкая прастора там была з расейскім кантэкстам. Нічога беларускага там не было. Гэта менавіта тое, што было ў нас напярэдадні вайны.

Мы ж таксама жылі да 2014 года і думалі: вось ёсць украінская культура, а вось —расейская. А пасля толькі ў параўнанні ты разумееш наколькі расейскі культурны прадукт дамінуе, наколькі яны падмінаюць пад сябе прастору і рынак. Гэта выцясняе нацыянальную культуру. І, насамрэч, гэта і ёсць першы крок за страты самастойнасці і незалежнасці.

РР: Два дні запар ладзілі сумесныя чытанні арыгіналаў і перакладаў з Андрэем Хадановічам. Якія ўражанні? Ці падабаюцца як гучаць Вашыя вершы па-беларуску?

— Гэта ўжо чацвёртая мая кніга, якая выходзіць па-беларуску. Я ў захапленні ад працы перакладчыка. Андрэй проста віртуёз сваёй справы і гэта вялікае шчасце мець такога перакладчыка і працаваць разам з ім.

Увогуле, я чытаю па-беларуску. На фэсце прыдбаў сабе шмат розных сучасных аўтараў. Яшчэ для сябе адзначыў  серыю „Паэты планеты” — у ёй выйшла шмат добрых перакладаў.

Купіў таксама пераклад Чарльза Букоўскі, бо сам зараз перакладаю яго і хачу выдаць кніжку — будзе цікава параўнаць з тым, што выйшла па-беларуску.

Сяргей Жадан распавёў, што бліжэйшым часам плануе зладзіць у Менску паўнавартасны канцэрт разам  з гуртом „Сабакі ў космасе” ды заклікаў беларускіх прыхільнікаў яго творчасці пільна сачыць за абвесткамі.

Інтэрв’ю цалкам слухайце ў далучаным файле:

Алена Вільтоўская. Беларускае Радыё Рацыя. Менск