Беласток і Пінск збліжае турызм
У сталіцы Падляшскага ваяводства беластоцкае турыстычнае агенцтва “Наватар” ды пінскі дзяржаўны прыродаахоўчы заказнік “Сярэдняя Прыпяць і Простыр” ухвалілі дамову аб супрацоўніцтве на 2015 год. Дагэтуль паміж арганізацыямі былі наладжаныя сувязі па ўзаемадзеянні ў двухбаковым развіцці турызма.
У наступным годзе плануецца павялічыць колькасць турыстаў паміж рэгіёнамі, дапамагаць у візавых пытаннях ды ажыццяўляць сумесныя праекты.
“Такія дамовы прымушаюць нас хутчэй развіваць умовы ды арыентавацца на заходняга турыста”, – кажа дырэктар заказніка Віктар Бяленка:
– Можна сказать, што “шкілет” інфраструктуры ўжо ёсць. Мы яе паляпшаем і ўдасканальваем. Ужо не сорамна запрасіць людзей, на стаянках ёсць альтанкі, прыбіральні, кастрышчы, мангалы, скрыні для смецця. З кожным годам інфармацыя пра нашыя заказнікі і іх патэнцыял пашыраецца праз СМІ, інтэрнет.
Польскага турыста на Палессе вабіць прырода і мінуўшчына краю, але шмат чаго бракуе ў інфраструктуры. На недапрацоўкі яшчэ ўлетку ўказалі польскія партнёры, таму да наступнага сезону ёсць час на выпраўленне недахопаў.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота extratour.by