Берасцейскія незалежныя кандыдаты не прызнаюць вынікаў выбараў
Берасцейскія незалежныя кандыдаты не прызналі вынікі выбараў у мясцовыя Саветы 28 склікання. Пра гэта паведаміў берасцейскі незалежны экс-кандыдат Фёдар Пятрусевіч, які балатаваўся па Сувораўскай выбарчай акрузе №11, адразу па сканчэнні паседжання гарадской выбарчай камісіі. Яны ўжо падалі як мінімум 8 заяваў з гэтай нагоды, аднак камісія без разгляду заяваў прызнала выбары адбыўшыміся. Кандыдаты ўжо рыхтуюцца да будучых электаральных кампаніяў, у якасці як мінімум назіральнікаў, каб спрабаваць супрацьстаяць парушэнням выбарчага заканадаўства з боку ўлады і выбаркамаў. Каментуе незалежны экс-кандыдат Дзяніс Турчаняк:
– Магчыма ўсё ж такі трэба пачынаць не з апламбіравання скрыняў і прад’яўлення кожнага бюлетэня. А з моманту фармавання камісій. Трэба даць магчымасць кожнаму кандыдату мець свайго прадстаўніка ў камісіі. Гэта вельмі важны момант. Бо ад камісіі залежыць, як гэта будзе здзяйсняцца. Чалавек у камісіі, нават калі ён адзін, можа ўплываць на сітуацыю. Гэта таксама выключыць нейкую частку незаконных дзеянняў.
Акрамя ўласна экс-кандыдатаў, а гэта Дзяніс Турчаняк, Фёдар Пятрусевіч, Ігар Маслоўскі, Ганна Канюс, Сяргей Вакуленка і іншыя, адпаведныя заявы аб непрызнанні выбараў накіравалі і іх давераныя асобы. Не прызнаюць вынікаў выбараў і берасцейскія праваабаронцы, якія сачылі за іх хадой у якасці назіральнікаў.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота: Новы Час