Выбары ў Бярозаўцы скончыліся толькі а другой гадзіне ночы
Вынікі выбараў на Бярозаўскім участку для галасавання №73 у Лідскім раёне скончыліся толькі ў 2 гадзіны ночы 19 лютага. Такім чынам, выбарчы ўчастак у Бярозаўцы скончыў сваю працу адным з апошніх у Беларусі. Толькі пасля шасці гадзін падліку галасоў камісія вывесіла выніковыя пратаколы.
2 гадзіны ночы 19 лютага. Выбарчая камісія падсумоўвае вынікі галасавання.
Па падліках незалежных назіральнікаў, на гэтым участку было прыпісана больш за 600 галасоў. Менавіта гэтая неадпаведнасць і стала прычынай такой затрымкі ў працы камісіі, лічыць удзельнік кампаніі “Права выбару” Андрэй Ашурак.
– Хоць гэта і не смешна, шэсць гадзін падлічваць галасы. Што там лічыць?! Зрабілі б усё сумленна, усе б даўным-даўно былі дома. Нагадаю, што ёсць такая цудоўная савецкая стужка “Гараж”. Дык вось, гэта быў “Гараж” нумар два. Усе зачыненыя, усе лічаць. І канца-краю гэтаму не відаць.
Па падліках назіральнкаў з кампаніі “Права выбару”, на участку №73 у Бярозаўцы падчас датэрміновага галасавання было дапісана 132 бюлетэні і яшчэ 500 – у асноўны дзень галасавання.
Гэта быў адзін з двух участкаў у Бярозаўцы, дзе кандыдатам у дэпутаты гарадскога Савета ішоў сябра Партыі БНФ.
Такім чынам, яўка на выбарчы ўчастак па інфармацыі назіральнкаў склала не болей за 30% выбарцаў. У той час, як у пратаколе выбарчай камісіі значыцца іншая лічба – крыху меней за 70%.
Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя