У Гайнаўцы пройдзе марш у гонар „выклятых жаўнераў”
Ужо трэці год запар па вуліцах Гайнаўкі пройдзе марш нацыяналістаў у гонар „выклятых жаўнераў”. Марш пачнецца 24-га лютага а 14-й гадзіне.
На маршы на перадзе калоны звычайна нясуць партрэт Рамуальда Райса „Бурага”.
У гэтым годзе ўлады горада нават не спрабавалі адмовіць у правядзенні маршу, кажа намеснік бургамістра Гайнаўкі Андрэй Скепко:
– 24-га марш пройдзе ў Гайнаўцы і скончыцца каля дома культуры а 15-й гадзіне. З мінулагодняга досведу мы ведаем, што няма магчымасці, каб марш не адбыўся.
Пасля маршу адбудзецца паказ фільма Эвы Шакаліцкай „Буры – падвойна выкляты”.
Падчас маршу непадалёк ад царквы плануюць сабрацца праціўнікі правядзення маршу. А 12-й гадзіне на пляцы каля гарадской управы заяўлены пікет у абарону ахвяраў „Бурага”.
Улады Гайнаўкі 24-га лютага возмуць удзел у супольнай малітве каля пакутнага крыжа ў вёсцы Залешаны, які ўсталяваны ў гонар ахвяраў аддзела Рамуальда Райса.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя