Аляксандр Камароўскі: Палітыкі паразітуюць на войнах



Сузаснавальнік аргкамітэта па стварэнні аб’яднання “Абаронцы Айчыны” і былы “афганец” Аляксандр Камароўскі распавядае пра мінулыя і сёняшнія войны.

Днямі была чарговая гадавіна вываду савецкіх войск з Афганістана. Аляксандр Камароўскі кажа, што для яго гэта дзень вельмі трагічны – як і ўся вайна ў Афганістане.

Аляксандр Камароўскі: Я заўсёды думаю пра тую трагедыю, якую савецкія войскі прынеслі ў Афганістан. Мы пачалі вайну, навучылі афганцаў ваяваць, далі ім зброю, і людзі ваююць да гэтага часу. І невядома, колькі гэта яшчэ будзе працягвацца. Вось унёсак вялікага Савецкага Саюза, які сам затым разваліўся. І ніхто затым асабліва і не ўспамінаў, колькі маладых хлопцаў загінула на чужой зямлі, абараняючы савецкія ідэалы. Таму салдаты і афіцэры, якіх пасылаюць на вайну, на павінны быць разменнай манетай палітыкаў. Якраз яны ў першую чаргу і пацярпелі, сумленна ваявалі ў складанейшых умовах. А народ Афганістана абараняў сваю зямлю – так, як гэта зараз робіць Украіна.

РР: Адным словам, палітыкі ўрокі не робяць…

Аляксандр Камароўскі: Так атрымліваецца. Па нашай інфармацыі, у Беларусі налічваецца каля 35 тысяч воінаў-інтэрнацыяналістаў і іх сем’яў. Каля 30 працэнтаў “афганцаў” ужо памёрлі. А сёння камусьці патрэбны новыя войны і новыя смерці маладых хлопцаў. Гэта вельмі жахліва! Палітыкі паразітуюць на войнах.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя