Чарговы раз пра зброю



Ужо пісаў на гэтую тэму. Неаднаразова. Каюся. Ды не магу вытрымаць як нішчаць свабоду пад выглядам падвышэння бяспекі. А ў выніку – ні бяспекі, ні свабоды. А грамадству ўпарта задаюць алагічнае пытанне пра тое, што важней, свабода ці бяспека. Свабода ж і ёсць бяспека! Большай бяспекі чым свабода вам ніхто не гарантуе.

Чаму мы тут, у Беларусі, вельмі цікавімся тым, што адбываецца ў далёкай Амерыцы? Вось, прыкладам, выбары ў нас зараз. Ды каго яны цікавяць, тыя выбары?! А вось як выбары ў США, тады практычна кожны беларус ведае хто там ідзе, якую мае праграму і ўвогуле як яно там ды што. Цікавіць усіх.

Адказ на гэтае пытанне вельмі просты. Таму што мы тут, хто свядома, хто падсвядома, а хто і ўвогуле не ўсведамляючы аніяк, акрамя як інтуітыўна, адносім сябе, свой народ і сваю краіну да вялікай цывілізацыйнай сістэмы, дзе галоўным ёсць праўда, справядлівасць і свабода. Менавіта свабода. А паколькі ў сябе зараз мы гэта бачым значна радзей, чым хацелася б, то мы і цікавімся тымі краінамі, якія можна ўзяць за нейкі прамежкавы эталон на шляху да пабудовы справядлівага і свабоднага грамадства тут у сябе. Таму часамі і перажываем, як у іх нешта не так здараецца, значна больш, чым яны самыя. Нібыта праектуем на будучых сябе іх сённяшнія праблемы.

Вось і чарговыя спрэчкі пра абмежаванне пакупкі зброі, якія зноў пачаліся ў ЗША пасля чарговай жудаснай трагедыі ў адной фларыдскай школе, у нас успрымаюцца як спрэчкі, якія нам усядно прыйдзецца некалі прайсці ў сябе. Тады як станем свабоднымі як яны. А нават цягне параіць ім цяперашнім, і нам заўтрашнім, нешта з погляду нас сённяшніх.

Бо мы жывём у краіне, якая зусім нядаўна ішла шляхам еўрапейскай дэмакратызацыі. І каму як не нам ведаць, што ад гэтага дэмакратычнага разгону да таталітарнага застою трэба ўсяго пару-тройку гадоў. І ўсяго адзін першы забарончы закон. Бо ўсе астатнія забароны проста аўтаматычна папаўзуць як тараканы ноччу. Тут галоўнае каб грамадства праглынула і прыняло адну першую забарону, адно першае абмежаванне сваёй свабоды.

Здавалася б прычым тут зброя? Ну а як жа ж тады знакамітае на ўвесь свет амерыканскае права народа на ўзброенае паўстанне? Без зброі ўзброенага паўстання не бывае. Ды што там паўстанне. Зараз не той час. Дастаткова проста звычайнага права чалавека на абарону свайго жыцця і гонару, гонару і жыцця сваіх блізкіх, сваёй свабоды!

Апаненты скажуць, што акурат гэтая зброя і забрала жыцці школьнікаў у Фларыдзе. Але ж страляў з зброі канкрэтны чалавек. І каб ён зброі не знайшоў, то што, яго псіхічны стан, які піхнуў яго на гэтае жудаснае злачынства выправіўся б? Усім ясна, што не. Ён зрабіў бы гэтае злачынства пазней, праз гады, толькі больш хітра і ціха зрабіў бы. Вынасіў бы гэтае невылечанае пачуццё, а яго ж ніхто не лячыў, і зрабіў бы. І можа кагосьці памылкова абвінавацілі б у зробленым кімсьці злачынстве. І можа каго і расстралялі б. Як гэта было неаднаразова ў справах з серыйнымі маньякамі, якія загубілі безліч жыццяў, але падазрэнні на іх не падалі. Што, так было б лепш? І нельга наракаць на каталізатар і паскарыцель праблемы, якім у гэтым выпадку стала аўтаматычнае ружжо, а выяўляць і выпраўляць саму праблему. Трэба зразумець што штурхае канкрэтнага чалавека на злачынства, і вырашаць гэтую праблему паслядоўна ды разумна, а не тупа ўсё спісваць на вольны продаж зброі. Бо слова “вольны” не стыкуецца з словам “злачынства”. І вельмі шкода, што многія і журналісты, і палітыкі, дзеля таннага піяру або з-за няздольнасці глыбока думаць і разбірацца ў праблеме, збіваюць грамадскую думку на ілжывы след, прымушаючы людзей памылкова меркаваць, што нейкая забарона можа вырашыць праблему. Бо сама па сабе забарона ўжо і ёсць галоўнай праблемай!

А чалавек цягнецца да свабоды. І калі нешта забараніць зараз, то ўсядно, рана ці позна, чалавецтва гэта адваюе. Таму мы і цікавімся тым, што адбываецца ў Еўропе ці Амерыцы не менш, чым сваімі цяперашнімі выбарамі. Бо такія выбары якія зараз адбываюцца тут у нас, хутка кануць у мінулае. А такія пытанні, якія вырашаюцца зараз там, у іх, гэта наша будучыня.

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ