Новым рэктарам ЕГУ прызначаны балгарын Сяргей Ігнатаў



Рэктарам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ, Вільня) прызначаны былы міністр адукацыі Балгарыі Сяргей Ігнатаў, паведаміў БелаПАН кіраўнік па камунікацыях і маркетынгу ЕГУ Максімас Мілта.

Паводле яго слоў, аднагалоснае рашэнне аб прызначэнні прафесара Сяргея Ігнатава на пасаду рэктара з 1 сакавіка прыняў агульны сход сузаснавальнікаў ЕГУ.

„Я глыбока веру ў будучыню гэтага ўнікальнага праекта, які дзейнічае ў той час, калі перад адукацыяй у галіне гуманітарных і сацыяльных навук стаяць беспрэцэдэнтныя выклікі”, — цытуе новага рэктара сайт універсітэта.

Прафесар Сяргей Ігнатаў — егіптолаг, аўтар кніг „Марфалогія класічнага Егіпта”, „Мудрасць старажытных егіпцян”, „Егіпет фараонаў”, „Папірус не расце на камені”, „Цела бога” і больш за 40 акадэмічных публікацый, прысвечаных праблемам лінгвістыкі, гісторыі і рэлігіі старажытнага Егіпта.

Да прыходу ў ЕГУ Ігнатаў узначальваў Балгарскі інстытут егіпталогіі. У 2009—2013 гады ён займаў пасаду міністра адукацыі, моладзі і навукі ва ўрадзе Балгарыі, рэалізаваў рэформы ў галіне пашырэння ўніверсітэцкай аўтаноміі і дыверсіфікацыі мадэляў фінансавання вышэйшай адукацыі. У 2002—2009 гадах прафесар Ігнатаў быў рэктарам вядучага прыватнага балгарскага універсітэта — Новага балгарскага ўніверсітэта.

Ігнатаў атрымаў доктарскую ступень у галіне егіпталогіі ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце. Ён таксама з’яўляўся стыпендыятам Оксфардскага ўніверсітэта (Каледж All Souls). Акрамя роднай балгарскай новы рэктар ЕГУ валодае расейскай, англійскай, французскай мовамі, выкладае егіпецкую (копцкую), асіра-вавілонскую (акадскую) і старажытнагрэцкую мовы.

Міністр замежных спраў Літоўскай Рэспублікі Лінас Лінкявічус пракаментаваў прызначэнне прафесара Ігнатава так: „Літва рада, што рэктарам ЕГУ стане такі прафесіянал міжнароднага ўзроўню, як прафесар Ігнатаў. Без усякага сумневу, прызначэнне прафесара Ігнатава будзе садзейнічаць новаму стратэгічнаму развіццю і ўмацаванню акадэмічнага і навуковага патэнцыялу ўніверсітэта, які з’яўляецца надзвычай важным праектам для Беларусі і рэгіёна”.

Папярэднім рэктарам ЕГУ быў грамадзянін ЗША Дэвід Полік, які не валодаў ні рускай ні беларускай мовамі, займаў пасаду рэктара ЕГУ з красавіка 2015 года да канца чэрвеня 2016-га. Затым пасада была вакантнай. Абавязкі рэктара часова выконвалі спачатку Ёрген Ёргенсэн, затым Аляксандр Калбаска.

 Фота прэс-службы ЕГУ