Дзяржкаммаёмасць вызначыла пералік з 43 прадпрыемстваў для прыватызацыі ў 2018 годзе



Вызначаны пералік з 43 беларускіх прадпрыемстваў для прыватызацыі ў 2018 годзе. Аб гэтым паведаміў 20 лютага журналістам старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэй Гаеў.

„Штогод з міністэрствамі складаецца рабочы пералік для прыватызацыі, прыходу інвестараў. У гэтым годзе падрыхтаваны абноўлены пералік з 43 акцыянерных таварыстваў і ўнітарных прадпрыемстваў. У пэўнай частцы пералік паўтарае склад прадпрыемстваў, якія былі ўключаны ў пералік папярэдняга года, было вызначана 34 акцыянерныя таварыствы. Адпрацоўваем гэтыя пералікі і з прадпрымальніцкімі коламі, набыта можа быць любое прадпрыемства – было б жаданне”, – сказаў Андрэй Гаеў.

Адказваючы на пытанне аб неабходнасці складання такіх пералікаў, старшыня Дзяржкаммаёмасці падкрэсліў, што яны разглядаюцца міжнароднымі рэйтынгавымі агенцтвамі як наяўнасць фармальнай магчымасці прыватызаваць тое ці іншае прадпрыемства, набыць пакет акцый. „Гэта работа неабходна. Прадстаўнікі замежнага бізнесу хочуць бачыць нешта фармалізаванае, яны не вельмі разумеюць выраз, калі прадаецца ўсё. Некаторыя лічаць, што калі прадаецца ўсё, значыць, не прадаецца нічога”, – дадаў ён.

У мінулым годзе быў сфарміраваны пілотны пералік з 22 прадпрыемстваў, у акцыянерны капітал якіх прапаноўвалася ўвайсці кітайскім інвестарам. Андрэй Гаеў растлумачыў, што вялікай цікавасці з іх боку праяўлена не было. „Адносна „Гомсельмаша” праводзіліся перагаворы, але пакуль яны да выніку не прывялі. Пра рэальны вынік можна гаварыць адносна „Белдзяржпраекта”, у акцыянерны капітал якога плануецца ўваходжанне кітайскіх партнёраў, 60 працэнтаў складзе іх доля, 40 працэнтаў – Рэспублікі Беларусь”, – сказаў ён.

belta.by