У мясцовыя саветы абраны 21 грамадзянін Расеі



З 18110 дэпутатаў мясцовых саветаў, выбары якіх адбыліся 18 лютага, чальцамі палітычных партый з’яўляюцца 453 чалавекі, або 2,5%.

Сярод абраных, паведамляе Цэнтрвыбаркам, больш за ўсё дэпутатаў дзейнага склікання — 10131. У мясцовыя саветы прайшлі 8729 жанчын, 720 чалавек да 30 гадоў. Таксама прайшоў 21 грамадзянін Расеі (яны маюць права на жыхарства ў Беларусі): на Віцебшчыне і Магілёўшчыне — па 7 чалавек, на Гомельшчыне — 5, на Гарадзеншчыне і Меншчыне — па 1.

У склад мясцовых саветаў увайшлі па адным дэпутаце, якія прадстаўляюць Беларускую аграрную партыю і Беларускую патрыятычную партыю, па чатыры — Беларускую сацыяльна-спартыўную партыю і Ліберальна-дэмакратычную партыю, 11 — Сацыял-дэмакратычную партыю народнай згоды, 127 — Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці, 305 — Камуністычную партыю.

Усяго палітычныя партыі вылучылі 993 кандыдаты ў дэпутаты.

Сярод дэпутатаў мясцовых саветаў новага складу 485 пенсіянераў, а таксама 90 непрацоўных.

БелаПАН