Ганна Смілевіч: Праз год буду аднаўляцца ў БДУ



Лідар “Моладзі БНФ” Ганна Смілевіч, якую не так даўно адлічылі з БДУ, распавяла, што праз год збіраецца аднавіць вучову ва ўніверсітэце.

Ганна Смілевіч: Як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Пасля адлічэння з факультэта журналістыкі БДУ з’явілася больш часу на грамадскую працу, таму зараз засяродзілася на працы ў “Моладзі БНФ” і ў партыі.

РР: Вы ўжо забралі дакументы ва ўніверсітэце?

Ганна Смілевіч: Так, афіцыйна адлічылі мяне напачатку гэтага месяца. Шчыра кажучы, з тымі выкладчыкамі, якія паставілі мне адмоўныя ацэнкі, пасля гэтага не размаўляла, а вось з аднагрупнікамі захаваліся добрыя стасункі. Яны не рады майму адлічэнню, і кажуць, што ва ўніверсітэце гэтую тэму выкладчыкі імкнуцца больш не ўздымаць.

РР: Якія зараз планы ў арганізацыі, якую вы ўзначальваеце?

Ганна Смілевіч: Шмат праектаў. Сёння, напрыклад, у Дзень роднай мовы, будзем збіраць подпісы за стварэнне ў краіне беларускамоўнага ўніверсітэта, пастаянна ладзім розныя мерапрыемствы на сядзібе БНФ – з кінапраглядамі, сустрэчамі.

РР: Ці будзе працягваць вучобу ў будучым?

Ганна Смілевіч: Абавязкова, хаця яшчэ не вызначылася, дзе менавіта. Найперш, безумоўна, паспрабую аднавіцца праз год на факультэце журналістыкі БДУ, гэта дазваляецца. Іншая справа, што мой папярэднік на пасадзе “Моладзі БНФ” Юрась Лукашэвіч, якога ў свой час таксама адлічылі з БДУ, так і не змог аднавіцца на вучобе. Магчыма, і мне не дазволяць гэта зрабіць. Тады буду шукаць іншыя варыянты.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя