Актывісты “Гародні” дапамаглі жыхарам інтэрнату
Жыхары аднаго з інтэрнатаў па гарадзенскім Бульвары Ленінскага Камсамола звярнуліся ў ініцыятыву “Гародня” з просьбаю, каб актывісты дапамаглі дэмантаваць жалезную канструкцыю, якая ў любы час можа зваліцца на галовы жыхароў.
Пра просьбу жыхароў распавядае кіраўнік ініцыятывы “Гародня” Анатоль Мышкевіч:
– Звярнуўся адзін з жыхароў інтэрната. Было некалькі праблем, адна з якіх – небяспечная канструкцыя на даху гэтага будынка. Пад ёй знаходзіцца крама. А ўлічваючы тое, што побач медуніверсітэт, то цягам дня тут пастаянна ходзяць людзі. І калі гэтая канструкцыя ўсё ж такі абваліцца, вельмі вялікі шанец, што нехта акажацца пад ёй.
Па словах актывіста, справа з дэмантажом гэтай канструкцыі вырашыцца ўжо ў бліжэйшы час:
– Я надрукаваў на старонцы нашай грамадзянскай ініцыятывы гэтую інфармацыю. Яе перадрукавалі нашы гарадзенскія інтэрнэт рэсурсы. І мне сёння пазваніў чалавек, які звяртаўся, і сказаў, што галоўны інжынер ужо выехаў на месца, каб паглядзець, што рабіць з гэтай канструкцыяй.
Самі жыхары гэтага інтэрнату баяліся звярнуцца нават да каменданта гэтай установы, бо гэты камендант лічыць сябе у гэтым будынку маленькім царком і не слухае парады жыхароў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня