Стыпендыя маршалка для творчай моладзі



Семдзясят прадстаўнікоў творчай моладзі атрымалі стыпендыю маршалка Падляшскага ваяводства. Гэта школьнікі, гімназісты і ліцэйсты з Беластока, Ломжы, Сувалкаў, а таксама з невялікіх мясцовасцей. Стыпендыю атрымалі маладыя людзі з Бельска-Падляшскага, Орлі, Рыбалаў ды Гайнаўкі.

250 злотых штомесяц будзе атрымліваць, між іншым, і вучань беларускага ліцэя ў Гайнаўцы Яцэк Дружба:

– Займаюся танцамі ў гайнаўскім калектыве “Перапёлка” . Таксама граю на акардэоне для калектыву  з Чыжоў “Верас”. Выступаю ў гайнаўскім тэатры. Я хачу купіць мікрафон для акардэону. Не заўсёды ёсць мікрафон, калі выязджаем з выступленнямі на фестывалі.

Квота адной стыпендыі – гэта 3000 злотых. У гэтым годзе заявы на стыпендыю падалі 240 асобаў. Узнагароды маршалка ў галіне творчага мастацтва для найбольш таленавітай моладзі прызначаюцца ўжо 13 раз.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота wrotapodlasia.pl