Мінулай ноччу на поўначы Беларусі тэмпература панізілася да 29 градусаў



 У канцы каляндарнай зімы працягваюць абнаўляцца рэкорды цяперашняга халоднага сезона.

У ноч на 23 лютага ў Докшыцах (Віцебская вобласць) слупок тэрмометра апусціўся да адзнакі мінус 28,9 градуса. Папярэдні мінімум зімы быў зафіксаваны напярэдадні ў Езярышчы (Віцебская вобласць) — 26,4 градуса марозу. Пры гэтым сіноптыкі прагназавалі падзенне тэмпературы пры праясненнях да 21—25 градусаў.

Упершыню ніжэй за 20 градусаў упала начная тэмпература ў абласных цэнтрах. У Віцебску было 25,6 градуса (ранейшы рэкорд — 18,8 градуса 21 лютага), у Магілёве — 22,6 (19,9 градуса 24 студзеня). У Гародні было нашмат цяплей — 13,5, але і там абнавіўся рэкорд зімы-2017/2018 (11,7 градуса 24 студзеня).

Самай цёплай мінулая ноч апынулася ў Берасці (6,1 градуса ніжэй за нуль) і Мазыры Гомельскай вобласці (6,6).

У Менску было мінус 15 градусаў пры рэкордзе 16,1 (24 студзеня). Тут мінімум гэтай зімы павінен абнавіцца ў ноч на 24 лютага: чакаецца паніжэнне тэмпературы да 17—19 градусаў марозу.

Рэкорд ночы на 23 лютага за ўвесь перыяд метэаназіранняў складае мінус 32,6 градуса (у 2007 годзе ў Езярышчы).

Варта адзначыць, што ніжэй за 10 градусаў марозу тэмпература ўпершыню апусцілася пасля таго, як прайшла амаль палова каляндарнай зімы — у ноч на 13 студзеня.

У гэтыя дні марознае надвор’е захаваецца. Арктычнае паветра будзе пранікаць усё далей на поўдзень краіны. Паводле звестак сіноптыкаў, сярэднясутачная тэмпература паветра, за выключэннем паўднёвых раёнаў, ніжэй за сярэднія шматгадовыя значэнні на 3—12 градусаў.

(Пры падрыхтоўцы матэрыялу прааналізаваныя аператыўныя карты мінімальных тэмператур і архіў метэаназіранняў на рэсурсе meteoinfo.by.)  БелаПАН