Дэфіле ў строях продкаў



Народны касцюм – адзін з асноўных элементаў культуры беларусаў. Лічыцца, што пасля мовы ён з’яўляецца другой па значнасці этнічнай прыкметай.

У Берасцейскай вобласці, як ні ў адным іншым рэгіёне Беларусі, захавалася вялікая колькасць аўтэнтычнага адзення.

У рамках абласнога свята роднай мовы „Жывыя Вытокі” работнікі абласнога грамадска-культурнага цэнтра арганізавалі этнаграфічны канцэрт-паказ „Модны стыль – народны тэкстыль”.

Гледачам прадставілася ўнікальная магчымасць даведацца, як выглядалі нашы продкі ў першай палове ХХ стагоддзя.

У этнаграфічным дэфіле прынялі ўдзел прадстаўнікі 15 раёнаў вобласці, прадэманстраваўшы каля двухсот арыгінальных народных касцюмаў.

„Адзенне – гэта візуалізацыя мовы. Мы самыя багатыя ў Беларусі. У іншых абласцях вядзецца вялікая праца па рэканструкцыі народных касцюмаў, а ў нас вельмі шмат аўтэнтыкі. З усіх касцюмаў на паказе, я думаю, не менш за 80% – аўтэнтычныя. Кожны касцюм унікальны, адрозніваецца каляровай гамай, арнаментамі і сімваламі,” – сказала ініцыятарка праекту, загадчыца аддзела традыцыйнай культуры абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцко.

belta.by

Фота Вадзіма Якубенкі