Менчукі выступілі супраць хімвытворчасці ў Зялёным Лузе
Мясцовыя жыхары выступаюць супраць хімічнай вытворчасці на Лагойскім тракце ў Менску, паведаміў БелаПАН каардынатар грамадскага руху „Экаград” Віктар Янчурэвіч.
Паводле яго слоў, на Лагойскім тракце плануюць размясціць вытворчасць акрылатных манамераў. Да 1 сакавіка праходзіць грамадскае абмеркаванне справаздачы аб АУНА (ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе) аб’екта.
Заказчыкам планаванай гаспадарчай дзейнасці выступае ЗАТ „Галаграфічная індустрыя”. Мясцовыя жыхары сустракаліся з прадстаўнікамі заказчыка, якія заявілі, што гэта вытворчасць ніяк не паўплывае на навакольнае асяроддзе, бо закупленае імпартнае абсталяванне і ўнікальная тэхналогія забяспечаць бяспеку вытворчасці. Паводле іх слоў, адзначыў Янчурэвіч, грамадскае абмеркаванне, якое праводзіцца, — толькі фармальнасць, патрабаванне заканадаўства, якое неабходна выканаць, паколькі размяшчэнне хімічнай вытворчасці — ужо пытанне вырашанае, і ўсе дазволы ўжо атрыманы.
„За такой сціплай назвай лабараторыі хаваецца хімічная вытворчасць з выкідамі небяспечных для здароўя людзей і ў цэлым для ўсёй экасістэмы раёна рэчываў — талуолу, гептану, бутылакрылату, ацэтону і іншых”, — адзначыў актывіст. Грамадзяне „з абурэннем ўспрынялі такую навіну”, ініцыятыўная група жыхароў мікрараёнаў Усход і Зялёны Луг пачала збор подпісаў пад зваротам супраць размяшчэння шкоднай вытворчасці ў мікрараёне.