Беларусь чацвёртая на тэрыторыі былога СССР па росце спажывецкіх цэн
Беларусь з паказчыкам 0,8% заняла чацвёртае месца на тэрыторыі былога СССР па росце спажывецкіх цэн у студзені 2018 года, сведчыць праведзены БелаПАН аналіз звестак нацыянальных органаў статыстыкі.
У першай тройцы Арменія, Узбекістан (па 2,7%) і Украіна (1,5%).
Ніжэйшай, чым у Беларусі, інфляцыя была ў Грузіі, Казахстане, Кыргызстане (па 0,6%), Малдове, Таджыкістане, Эстоніі (па 0,4%), Літве і Расіі (па 0,3%). У Азербайджане і Латвіі цэны не змяніліся. Няма звестак з Туркменістана. У самаабвешчаным Прыднястроўе, якое мае ўласную фінансавую сістэму, цэны павялічыліся за месяц на 1,92%.
У студзені 2017 года Беларусь з ростам цэн на 0,9% заняла сёмае месца на тэрыторыі былога СССР, паводле вынікаў года — восьмае (4,6%). Эканамічныя ўлады краіны разлічваюць, што у 2018 годзе цэны павысяцца не больш як на 6%.