„Белгазпрамбанк”: Дэдаларызацыя ў Беларусі зойме многія гады



Працэс дэдаларызацыі рэсурснай базы беларускіх банкаў патрабуе значнага часу. Такое меркаванне выказаў старшыня праўлення „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка, каментуючы грашова-крэдытную палітыку, скіраваную на змену валютнай структуры пасіваў і актываў камерцыйных банкаў.

„Расіі пасля крызісу 1998 года давялося аддаць шмат гадоў, каб вярнуць давер да нацыянальнай валюты. Любоў да расійскага рубля ў Расіі прачнулася пасля 2010 года, калі, нягледзячы на наступствы сусветнага крызісу, абменны курс рубля застаўся даволі стабільным”, — адзначыў Бабарыка.

Паводле яго слоў, дзякуючы ўмеранай інфляцыі, якая захоўваецца апошнія два дзесяцігоддзі, Расеі ўдалося сфармаваць давер да расійскага рубля.

„У Беларусі, на жаль, цэнавая стабільнасць з’явілася адносна нядаўна, і каб заваяваць давер насельніцтва да нацыянальнай грашовай адзінкі, неабходны час. Таму тры месяцы, год — недастатковы тэрмін для дэдаларызацыі. На жаль, сусветны вопыт паказвае, што так хутка вярнуць давер насельніцтва да нацвалюты не ўдаецца”, — падкрэсліў Бабарыка.

У сувязі з гэтым ён прапанаваў праводзіць палітыку дэдаларызацыі, якая рэалізуецца ў краіне, вельмі акуратна, улічваючы магчымую рэакцыю з боку эканамічных агентаў (насельніцтва і прадпрыемстваў).

На думку кіраўніка „Белгазпрамбанка”, распаўсюджанае ўяўленне пра тое, што банкаўская сістэма можа выступіць драйверам і хутка змяніць эканамічныя рэаліі ў краіне, памылковае.

„У краіне чамусьці сфармавалася ўяўленне, што банкаўская сістэма павінна быць лакаматывам усіх зменаў у эканоміцы. Калі працэнтная стаўка па валютных дэпазітах набліжаецца да нуля, а насельніцтва працягвае захоўваць ільвіную долю зберажэнняў у замежнай валюце, што можа зрабіць банкаўская сістэма?” — сказаў Бабарыка.

Аналагічная сітуацыя, працягнуў ён, тычыцца рэальнага сектара эканомікі: „Калі ў прадпрыемстваў не прадаецца прадукцыя, якую працэнтную стаўку па крэдыце ні устанаві, справе гэта не дапаможа. Банкаўская сістэма — інструмент пераразмеркавання грашовых сродкаў на карысць найбольш эфектыўных праектаў, а не вырашэння ўсіх хранічных праблем. Ролю банкаўскай сістэмы важна правільна разумець для пабудовы моцнай эканомікі”.

belapan.com