Ярузэльскі можа страціць генеральскае званне



1 сакавіка польскі ўрад разгледзіць законапраект, які дасць магчымасць пазбавіць званняў, між іншым, камуністычных лідараў.

У чацвер 1 сакавіка польскі ўрад зоймецца зменамі ў законе, якія дазволяць, між іншым, пазбавіць генеральскага звання Войцеха Ярузэльскага. Пра гэта паінфармаваў кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра Міхал Дворчык.

Праект паправак закону аб універсальным абавязку абароны прадугледжвае, што асоба, якая па прычыне ўзросту ці стану здароўя не падлягае вайсковаму абавязку, а таксама жаўнеры рэзерву, якія былі чальцамі Ваеннай рады нацыянальнага выратавання ці служылі ў органах бяспекі, могуць быць пазбаўленыя афіцэрскага звання.

Рашэнне аб пазбаўленні генеральскага і адміральскага званняў будзе прымаць прэзідэнт, у дачыненні да астатніх афіцэраў – міністр абароны.

Мэта законапраекту, як напісана ў абгрунтаванні, «стварэнне юрыдычных магчымасцей пазбавіць ваенных званняў, між іншым, Войцеха Ярузельскага і Чэслава Кішчака, а таксама іншых чальцоў Ваеннай рады нацыянальнага выратавання.

Польскае Радыё