У гомельскім гаражы знойдзены целы трох 20-гадовых хлопцаў



Гомельскі гарадскі аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку па факце смерці трох 20-гадовых маладых людзей, знойдзеных у гаражы на тэрыторыі гаражна-будаўнічага кааператыва на вуліцы Лазурнай.

Як паведамляе афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, вечарам 23 лютага кампанія маладых людзей накіравалася ў гараж адзначыць свята. Пасля распівання спіртных напояў некалькі чалавек пайшлі дадому, а чацвёра засталіся ў гаражы. Дзверы яны зачынілі знутры. Каб сагрэцца, маладыя людзі селі ў аўтамабіль і завялі рухавік.

24 лютага хлопцы перасталі адказваць на тэлефанаванні. У ноч на 25 лютага маладых людзей знайшла ў гаражы сястра аднаго з іх. Работнікі хуткай медыцынскай дапамогі, якія прыбылі на месца здарэння, канстатавалі смерць трох чалавек. Яшчэ аднаго, 19-гадовага, у несвядомым стане шпіталізавалі.

Паводле папярэдніх высноў экспертаў, маладыя людзі памерлі ад атручэння чадным газам. Для ўстанаўлення дакладнай прычыны смерці прызначаныя судова-медыцынскія экспертызы.

belapan.com