Нацысцкая сімволіка заўважана падчас маршу “выклятых” жаўнераў



Нацысцкая сімволіка з’явілася падчас  маршу “выклятых” жаўнераў у Гайнаўцы. Пра гэта паведамляе дэпутат у польскі парламент ад партыі “Новочэсна” Кшыштаф Трускаляскі.

Палітык склаў скаргу міністру ўнутраных справаў на паліцыю, якая, паводле яго, павінна затрымаць асобаў, якія мелі забароненую ў Польшчы сімволіку, кажа дэпутат Кшыштаф Трускаляскі:

– Паліцыя маршыравала побач з дэманстрантамі. Я б хацеў даведацца ў пана міністра, ці паліцыя адрэагавала на нацысцкія сімвалы, якія з’явіліся падчас суботняга маршу ў Гайнаўцы.

Марш „выклятых” жаўнераў прайшоў вуліцамі Гайнаўкі ў суботу. Удзельнічала ў ім каля 150 чалавек.  Арганізатары маршу ўслаўляюць жаўнера польскага падполля Рамуальда Райса, псеўданім „Буры”, які адказны за смерць беларускіх мірных жыхароў у лютым 1946  года.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток