Паліцыя абвяргае паведамленні СМІ аб брутальных затрыманнях у Гайнаўцы



Падляшская паліцыя абвяргае паведамленні некаторых СМІ аб брутальных затрыманнях пратэстуючых супраць маршу “выклятых” жаўнераў у Гайнаўцы.

Паліцыя дзейнічала паводле закона і згодна з працэдурамі, кажа прэсавы афіцэр падляшскай паліцыі  Томаш Крупа:

– Некаторыя асобы не хацелі ідэнтыфікаваць сябе. Кожны чалавек, які знаходзіцца на нашай тэрыторыі, абавязаны пацвердзіць свае дадзеныя супрацоўнікам паліцыі. Калі такіх дадзеных яны не прадастаўлялі, то мы вымушаныя былі іх устанавіць. Але гэта не азначае, што яны будуць адведзены ў паліцыю. Гэтыя асобы могуць падаць звесткі пра сябе  тут, на месцы.

Затрыманыя актывісты прытрымліваюцца іншага меркавання:

– Паліцыя чарговы раз забараніла нам пратэставаць.

– Дзеянні паліцыі абсурдныя, не адпавядаюць сітуацыі. Тут ніхто нінакога не нападаў.

– Паліцыя пачынае бараніць фашыстаў.

– Ганьба! Ганьба! Ганьба!

Усіх затрыманых актывістаў, якія пратэставалі ў Гайнаўцы, адпусцілі праз дзве гадзіны, склаўшы раней пратаколы правапарушэння. Нявыключана, што пазней іх будуць судзіць за непадпарадкаванне законным патрабаванням паліцыі.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя