Рада Беластока прыняла пастанову аб названні кальцавой развязкі
Мела быць Вялікага княства Літоўскага, а будзе Кароны Польскага Каралеўства і ВКЛ. Рада горада Беластока прыняла пастанову аб названні кальцавой развязкі ў раёне Баяры. ВКЛ не спадабалася радным партыі Закон і Справядлівасць і таварыству Нашыя Баяры, якія прапанавалі назву Польска-літоўскай уніі.
Пасля размоваў і перапынку ўсе аднагалосна прагаласавалі за пашыраную версію назвы.
Паводле ініцыятара ўшанавання памяці Вялікага княства Літоўскага ў гарадской прасторы Радка Пусько, гэта палавіністы посьпех.
– Мы хацелі ўганараваць Вялікае княства Літоўскае. А цяпер мы будзем мець кальцавую развязку, якая ўганаруе і Карону, і ВКЛ. Можам казаць пра палавіністы посьпех. Але важна, што Вялікае княства Літоўскае, як фраза, з’явіцца ў гарадской прасторы Беластоку.
Кальцавая развязка Кароны Польскага Каралеўства і ВКЛ знаходзіцца ў раёне Баяры, на скрыжаванні вуліц: Слонімскай, Добрай і Скарупскай. Менавіта ў гэтым месцы, паводле гісторыкаў, праходзіла мяжа паміж Польскай Каронай і Вялікім княствам Літоўскім.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток