Андрэй Вашкевіч прэзентуе кнігу пра Гадлеўскага ў Гародні



Этнакрама “Цудоўня” запрашае гарадзенцаў на прэзентацыю новай кнігі Андрэя Вашкевіча “Вінцэнт Гадлеўскі: насуперак часу”. Сустрэча пройдзе 1 сакавіка а 19.00 па адрасе: Гародня, вул. Вялікая Траецкая, 14.

Кніга прысвечаная асобе Вінцэнта Гадлеўскага, каталіцкага святара і адначасова – палітыка, аднаго з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, самай уплывовай незалежніцкай арганізацыі Заходняй Беларусі міжваеннай эпохі. Натхнёны ідэяй прасоўвання беларускай мовы, ён на ўласным прыкладзе паказваў жыхарам вёсак і мястэчак іх права ўжываць родную мову ў касцёле. Праз свае перакананні меў праблемы з польскімі ўладамі і нават сядзеў за “антыдзяржаўную дзейнасць”.

Біяграфія Вінцэнта Гадлеўскага ў кнізе Вашкевіча арганічна ўплеценая ў драматычную эпоху, калі беларусы ўпершыню заявілі пра сваё права на нацыянальную дзяржаўнасць.

На прэзентацыі ў “Цудоўні” можна будзе даведацца пра асобу Гадлеўскага і яе значнасць для нашай гісторыі, падыскутаваць з аўтарам, а таксама набыць кнігу па зніжаным кошце.

 

Уваход вольны.