Сталічныя мытнікі канфіскавалі чамадан з 11 кілаграмамі срэбра



11,5 кілаграма ювелірных вырабаў затрымалі супрацоўнікі мытні „Мінск-2” пры спробе іх увозу на тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюза без дэкларавання і выплаты мытных плацяжоў.

Як паведамляе прэс-служба мытні „Мінск-2”, ураджэнка Карэліі прыбыла ў Нацыянальны аэрапорт Менск рэйсам з Кіева і прайшла па „зялёным” калідоры, прызначаным для перамяшчэння тавараў, якія не падлягаюць абавязковаму пісьмоваму дэклараванню.

Аднак „выгляд і вага яе багажу выклікалі падазрэнне ў мытнікаў, у сувязі з чым грамадзянку запрасілі на „чырвоны” калідор”, паведамляе прэс-служба. Па выніках агляду рэчаў з дапамогай скануючай тэхнікі было прынята рашэнне аб правядзенні мытнага надгляду.

Сярод асабістых рэчаў жанчыны знойдзена партыя ўпрыгажэнняў і аксесуараў са срэбра — расфасаваныя ў мяшэчкі zip-lock больш за тысячу адзінак брошак, ланцужкоў, запінак, заціскаў, гузікаў, спражак, зашпілек і іншых прадметаў.

Уладальніца багажу патлумачыла, што набыла партыю ювелірных вырабаў у Турцыі з мэтай іх наступнай камерцыйнай рэалізацыі.

Па факце незаконнага перамяшчэння партыі ўпрыгажэнняў і аксесуараў мытняй „Мінск-2” пачаты працэс у адпаведнасці з ч. 1 арт. 14.5 КоАП Рэспублікі Беларусь.

belapan.by