Су-30СМ для ВПС Беларусі: пытанняў больш, чым адказаў
14 лютага міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў заявіў, што пастаўка расейскіх цяжкіх знішчальнікаў Су-30СМ сёлета не магчымая. Маўляў, з-за заходніх санкцый вытворца мае праблемы з вытворчасцю машын. Праўда, чамусьці толькі з вытворчасцю для Беларусі. Для расейскіх ВПС у 2018 годзе будзе выраблена 14 машын, яшчэ 6 машын плануюцца да пастаўкі ў М’янму. Ну і ў прынцыпе, вытворца гатовы задаволіць любы, але плацежаздольны попыт. Адзін з замежных экспертаў-авіятараў ў прыватнай гутарцы з’едліва, але дакладна, пракаментаваў словы А. Раўкова: «Краіна, у якой няма грошай эксплуатаваць Су-27, тым больш не зможа аплаціць эксплуатацыю Су-30». Пра грошы мы і пагаворым.
Су-30СМ – развіццё Су-27. Паводле ацэнак маіх знаёмых ўкраінскіх экспертаў-авіятараў – гэта лепшая машына ў сваім класе. А пры экспартным кошце ў USD 50 млн. – яшчэ і самая танная. Але д’ябал, як звычайна, хаваецца ў дэталях.
Па-першае, колькасць мае значэнне. Нагадаю, што па кантракце, які падаткаплацельшчыкам ваенныя чыноўнікі не паказалі, Беларусь павінна атрымаць 12 машын Су-30СМ. Між тым, паводле ацэнак расейскіх адмыслоўцаў з Акадэміі ваенных навук (якую беларускія ня абвяргаюць) у складзе ВПС Беларусі неабходна мець не менш за тры боегатовыя знішчальныя эскадрыллі. Г.зн. мінімум 36 машын. З улікам таго, што частка самалётаў знаходзіцца на рамонце, мадэрнізацыі і да т.п., у распараджэнні ВПС павінна быць мінімум 50 знішчальнікаў.
Па-другое, купіць авіятэхніку – паўсправы. Ёсць яшчэ выдаткі на яе эксплуатацыю. Прычынай зняцця з ўзбраення ВПС Беларусі Су-27 з’яўляўся са слоў генералаў высокі кошт іх эксплуатацыі – больш чым у 2 разы вышэй, чым у МіГ-29.
Па-трэцяе, трэба ўлічваць, што Су-30СМ – машына 4-га пакалення. Якое паступова саступае месца знішчальнікам 5-га пакалення. ВПС Польшчы і Расеі знаходзяцца ў працэсе падрыхтоўкі да пераходу, няхай і частковага, на новую авіятэхніку. Самалёты закупляюцца з разлікам на 30-40 гадоў. Ці не апынемся мы ў сітуацыі гадоў праз 10, калі баявая каштоўнасць знішчальнікаў 4-га пакалення будзе істотна «дэвальваваная» машынамі новай генерацыі? Больш рацыянальна для Беларусі было б узяць паўзу і вывучыць досвед эксплуатацыі машын 5-га пакалення.
Пытанне старэння наяўнага авіяпарку нікуды не падзець. Патрэбныя больш свежыя машыны і, пажадана, у большай колькасці і не дарагія ў эксплуатацыі. У якасці прамежкавага варыянту можна звярнуцца да Расеі аб перадачы ў лізінг адносна свежых знішчальнікаў МіГ-29 СМТ. Іх выраблена 34 адзінкі і яны здымаюцца ці ўжо знятыя з узбраення. Калі ў Маскве адмовяць – то гэта стане падставай задумацца, ці варта прывязвацца да Расеі на наступныя 40 год закупляючы ў яе дарагую авіятэхніку. У рэшце рэшт, Пекін зацікаўлены ў выхадзе на эўрапейскі рынак ўзбраення. Нават калі гэта рынак Беларусі. Кітайцам ёсць што прапанаваць і на прывабных фінансавых умовах.