Колькасць звольненых работнікаў перавысіла колькасць прынятых
У студзені 2018 гадоў у Беларусі колькасць звольненых работнікаў зноў перавысіла колькасць прынятых, сведчаць дадзеныя афіцыйнай статыстыкі. Было звольнена 48.012, прынята — 45.913 (перавышэнне — 2.099).
Такая тэндэнцыя назіраецца трэці месяц запар: у лістападзе 2017 года суадносіны прынятых і звольненых складалі — 88,3%, у снежні — 91,3%, студзені 2018-га — 95,6%.
У студзені бягучага года больш за ўсё было звольнена работнікаў у прамысловасці — 10.693 (у тым ліку ў апрацоўчай — 7.886). Далей ідуць: аптовы і рознічны гандаль — 7.675; сельская, лясная і рыбная гаспадарка — 6.512; адукацыя — 4.781; будаўніцтва — 4.687; ахова здароўя і сацыяльныя паслугі — 4.294; энергетыка — 2.289; транспарт — 2.277; адміністрацыя — 1.481; сфера творчасці, спорту, забавы і адпачынку — 1.394; навука — 903; гасцінічныя паслугі — 813; інфармацыя і сувязь — 718 чалавек.
У цэлым за 2017 год было звольнена 694.306 чалавек, прынята на працу – 656.193. Перавышэнне звольненых над прынятымі склала 38.113.
Як паведамлялася, у эканоміцы Беларусі ў студзені 2018 года было занята 4 млн 340,8 тыс. чалавек (скарачэнне за год на 26,4 тыс.). Колькасць зарэгістраваных беспрацоўных на канец студзеня 2018 года склала 23,8 тыс. чалавек (у студзені 2017-га — 39,9 тыс. чалавек). Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на канец студзеня 2018 года склаў 0,5% ад колькасці працоўнай сілы (0,9%).
25 студзеня 2018 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1 „Аб садзеянні занятасці насельніцтва”, у які не ўвайшлі нормы аб збіранні з працаздольных грамадзян, якія не працуюць, збору на фiнансаванне дзяржвыдаткаў. Пры гэтым асобы, якія раней прызнаваліся плацельшчыкамі збору, вызваленыя ад яго выплаты.
У паведамленні прэс-службы прэзідэнта гаварылася, што дэкрэтам прадугледжаны „канцэптуальна іншы падыход”, накіраваны на стымуляванне працаздольных грамадзян, якія не працуюць, да легальнай занятасці. З 1 студзеня 2019 года такія асобы будуць аплачваць паслугі, якія субсідуюцца дзяржавай, па іх поўным кошце. Пералік такіх паслуг даручана вызначыць ураду.
Эксперты звязваюць зніжэнне занятасці з некалькімі фактарамі, у тым ліку з аптымізацыяй колькасці работнікаў у многіх сферах, адтокам працоўнай сілы за мяжу, а таксама дэмаграфічнымі прычынамі.