Аргкамітэт Дня Волі падаў новую заяўку ў Менгарвыканкам
У Менгарвыканкам пададзеная новая заяўка на правядзенне 25 сакавіка каля Опернага тэатра мітынгу і канцэрта з нагоды 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, паведаміў нашаму радыё намеснік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
РР: Што нам чакаць на Дзень Волі? Пяць арганізатараў: партыя БНФ, Рух “За Свабоду”, АГП, БСДП (Грамада) ды асветніцкая ўстанова „Амарока” падалі новую заяўку на акцыю, прысвечаную 100-годдзю БНР. Улады прапануюць разам адзначыць 25 Сакавіка?
Аляксей Янукевіч: Рана казаць, што ўлады гатовыя разам адзначаць 25 Сакавіка. Але, прынамсі, улады гатовыя на пэўныя саступкі ў параўнанні з мінулымі гадамі. У прыватнасці ўлады прапанавалі і гатовыя дазволіць правядзенне мітынгу і канцэрту ля Опернага тэатру – гэта цэнтр горада. І дапамагчы з арганізацыяй медычнага абслугоўвання, вырашэннем усіх камунальных пытанняў. Пытанняў усталявання сцэны, гукаўзмацняльнай апаратуры. І мы са свайго боку лічым, што гэта вельмі важны крок уладаў. І гэтую працягнутую руку трэба паціснуць. І гэта фактычна было зроблена, калі, атрымаўшы сёння негатыўнае рашэнне па папярэдняй заяўцы, мы падалі ад пяці арганізацый новую заяўку. Дзе просім дазволіць толькі правядзенне мітынгу і канцэрту. І атрымалі абяцанне ўладаў, што цягам пяці дзён будзе атрыманы намі дазвол. І можна будзе пачынаць шырокае інфармаванне грамадскасці, запускаць рэкламу і рабіць іншыя інфармацыйныя захады.
Улады не зацікаўленыя, каб у гэты дзень у сталіцы адбылося пэўнае супрацьстаянне міліцыі і дэманстрантаў, нейкія несанкцыянаваныя мерапрыемствы. І яны пра гэта адкрыта кажуць. Разам з тым улады нармальна і пазітыўна ставяцца да самога факту адзначэння 100-годдзя БНР. Мы бачым, што да спадчыны БНР стаўленне ўладаў мяняецца. Яно стала выразна пазітыўным. І мы гэта вельмі моцна вітаем. Пры гэтым мы разумеем, што атрымаць нейкую пратэстную акцыю ўлады не хочуць. І пра гэта адкрыта кажуць, што калі вы хочаце святкаваць 100-годдзе БНР, мы гатовыя ісці насустрач. Але калі вы хочаце пратэстную акцыю, то мы на гэта не пойдзем, і ніякіх дамоўленасцяў не будзе. І мы гэта ўспрынялі як дастаткова шчырую пазіцыю. І мы гэта разумеем і лічым, – і гэта ёсць рашэнне аргкамітэта па адзначэнні 100-годдзя БНР, што адзначэнне павінна адбыцца менавіта ў фармаце свята. Таму мы і прынялі гэтую прапанову ўладаў.
З’яўляецца пэўная надзея на збліжэнне пазіцый, прынамсі, па стаўленні да спадчыны БНР, па пытанні стаўлення да дзяржаўнай незалежнасці. І тут якраз мы не адыходзім ад сваіх пазіцый і каштоўнасцей. Мы бачым, што трансфармуецца стаўленне ўладаў. І мы гэта толькі вітаем.
РР: Чаму зараз улады вырашылі змяніць сваё стаўленне да БНР?
Аляксей Янукевіч: Як я мяркую, тыя падзеі, якія адбываюцца ў нашым рэгіёне, гэта, безумоўна, канфлікт ва Украіне, і іншыя падзеі, проста прадэманстравалі беларускім уладам, Аляксандру Лукашэнку, што нацыянальная ідэнтычнасць ёсць вельмі важным і моцным фактарам дзеля ўзмацнення незалежнасці і дзеля стабільнасці ў краіне. Гэта тое, у чым ён асабіста зацікаўлены. Ён таксама пабачыў, што будаваць нацыянальную ідэнтычнасць на савецкай спадчыне, як гэта рабілася 20 гадоў, калі ўлады варожа ставіліся да БНР, гэта азначае будаваць у Беларусі перадумовы для лёгкай патэнцыйнай анэксіі з боку Расеі. Я не думаю, што Лукашэнка разглядае гэта як самы верагодны сцэнар, але ўсе пабачылі, на якія дзеянні здольная Расея. Я думаю, што ўлады Беларусі і Лукашэнка зразумелі, што ўмацаванне нацыянальнай самасвядомасці ёсць важным фактарам дзеля прадухілення рознага кшталту гібрыдных пагрозаў.
Мы выразна бачым, што нацыянальна-дэмакратычная частка грамадства разумее важнасць менавіта святочнага і максімальна масавага адзначэння 100-годдзя БНР. І толькі легальны фармат дае такую магчымасць. Таму гэта для нас з’яўляецца прыярытэтам. Таму тут мы безумоўна не гатовыя будзем пераглядаць нашыя рашэнні, калі нехта з сябраў аргкамітэта будзе ўсё ж такі жадаць зрабіць у гэты дзень нейкае змаганне, супрацьстаянне. У нас ёсць абсалютна цвёрдае перакананне, што тое, што мы зараз робім, гэта слушна і патрэбна.
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя