Леанід Лыч: Як не было выбараў, так і няма
Доктар гістарычных навук Леанід Лыч прааналізаваў прайшоўшыя ў краіне выбары ў мясцовыя саветы.
Леанід Лыч: Можна адно сказаць дакладна – выбараў, як не было, так і няма. Не пайшлі ўлады на рэальныя змены ў выбарчым законе, не патрэбна ім празрыстасць. У камісіях адмыслова не ўключалі прадстаўнікоў апазіцыі, а напіхалі туды дзяржаўных чыноўнікаў альбо бюджэтнікаў. Грамадскія прадстаўнікі ў гэтых камісіях – персоны нон-грата.
РР: Многія наракалі і на датэрміновае галасаванне.
Леанід Лыч: Я таксама не разумею, навошта гэтая норма ў такой невялікай краіне, як Беларусь? Дакладней – мне вядома, навошта гэта робіцца, і чаму ў датэрміновае галасаванне ўчапілася абодвумя рукамі. І наўрад ці адпусцяць. Калі некалькі дзён скрыні з галасамі знаходзяцца без нагляду, то лічбамі лягчэй маніпуляваць. Вы ж паглядзіце, што лічбы ў асноўны дзень галасавання і падчас датэрміновага галасавання часам вельмі адрозніваюцца. Нават у разы. Мяркую, што і яўку выбарцаў таксама накручваюць. Але самае галоўнае – павінен быць празрысты падлік галасоў.
РР: Вы ходзіце галасаваць на выбарах?
Леанід Лыч: Хаджу, хаця і ведаю, што мой голас не будзе ўлічаны. Ёсць жа нейкая маленькая надзея на справядлівасць. Хочацца ў гэта верыць. Але мне вельмі хочацца, каб і апазіцыя была больш настойлівай па гэтых пытаннях. Бо проста так улада нешта змяняць не захоча.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя