Блогера Сяргея Пятрухіна пакаралі штрафам
Блогеру Сяргею Пятрухіну, таксама як і Аляксандру Кабанаву, суддзя Суда Ленінскага раёна Берасця Дзмітрый Шурын прысудзіў штраф у памеры 50 базавых велічыняў, а гэта каля 600 даляраў ЗША.
Першае, што зрабіў блогер адразу пасля разгляду справы, гэта падзякаваў прысутных за падтрымку:
– Калі людзі салідарныя – гэта зусім іншая справа. І Шурыну, і Семянчуку рашэнні прымаць нашмат цяжэй, бо іх сядзяць і слухаюць нармальныя адэкватныя людзі. Дарэчы, думаю, што калі б сёння не было людзей, мы б паехалі на суткі. Зараз мы выпускаем яшчэ адно невялікае расследаванне пра кіраўнікоў “Ай Паўэр”. У нас ёсць цікавая інфармацыя.
Абодвух блогераў асудзілі за “ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”, угледзеўшы заклікі да яго ў youtube-трансляцыі, якую яны вялі яшчэ 17 лютага. Трансляцыя датычылася шкоднага будаўніцтва кампаніяй “Ай Паўэр” заводу свінцовых акумулятарных батарэй пад Берасцем.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце