Зміцер Бандарэнка: “Хартыя-97” ёсць акопам, за які трэба змагацца
На мінулым тыдні ў кватэру, дзе раней жыў папулярны блогер “Нехта”, вядомы таксама як Сцяпан Святлоў, прыйшлі з ператрусам. Усё гэта адбывалася ў рамках справы аб абразе прэзідэнта.
Гэта ўжо трэці яркі выпадак ціску на свабоду слова ў інтэрнэце. Гэтак, напрыканцы мінулага года ўлады заблакавалі сайт “Белпартызану”, які ў выніку перайшоў у даменную зону бі-ўай. Потым забарона была накладзена на доступ да “Хартыі-97”. Як паўплывалі гэтыя меры на наведвальнасць сайту, і чаму ўлады так шчыльна ўзяліся за інтэрнэт, у каментары для нашага радыё тлумачыць Зміцер Бандарэнка з “Еўрапейскай Беларусі”:
– Натуральна, што блакаванне зменшыла колькасць наведванняў, але “Хартыя-97” і сёння застаецца другім па наведвальнасці сайтам пасля tut.by. Вельмі дзіўна, напрыклад, газета “Наша Ніва” ўжо паўгады давала рэйтынгі сайтаў, не адносячы “Хартыю-97” да беларускага сегменту інтэрнэту. Мабыць, яны ведалі з пэўных крыніцаў, што “Хартыя-97” будзе блакаваная ў Беларусі. Але я хачу сказаць, што нават у заблакаваным стане “Хартыя-97” з’яўляецца больш папулярнай па праглядзе старонак, чым “Наша Ніва”, якая ставіла сябе на трэцяе месца.
РР: Блакаванне “Хартыі-97”, а перад тым яшчэ было змушэнне “Белпартызану” да пераходу ў даменную зону by. А цяпер улада ўзялася нават за блогера на YouTube. Да дому 19-гадовага юнака, дзе жывуць яго бацькі, прыйшлі з ператрусам, маўляў, па справе абразы прэзідэнта. Аб чым гэта ўсё сведчыць, чаму ўлада так рэзка бярэцца за інтэрнэт?
Зміцер Бандарэнка: Улада ў Беларусі мае дыктатарскі характар. Ад першых дзён прыходу да ўлады Лукашэнка паслядоўна зачышчаў медыяпрастору Беларусі. Ён ведаў, што нават тая палавінчатая свабода, якая была ў Кебіча, дапамагла яму стаць прэзідэнтам. Як чалавек, які пэўны час называў Гітлера сваім узорам, ён усё рабіў, каб іншых прэзідэнтаў у Беларусі не было. І для гэтага было выкарыстана два спосабы – гэта фізічнае знішчэнне сваіх апанентаў і знішчэнне медыяў.
Калі цяпер незалежныя, ці г.зв. “незалежныя медыі” ў душы ці ў голас радуюцца, што пазбавіліся канкурэнтаў у выглядзе “Хартыі-97”, то гэта вельмі маладыя людзі. Я перажываў момант, калі была зачышчана ўся тэлевізійная прастора Беларусі. Цяпер не памятаюць, як у Беларусі былі дзясяткі лакальных станцыяў, якія паказвалі свае праграмы на рэгіянальных каналах, у Менску быў “8 канал” – цяпер нічога няма. Была вельмі моцная альтэрнатыва афіцыйным медыям, станцыя 101.2 у FM-дыяпазоне, яна таксама была знішчаная ў 1996 годзе. Былі закрытыя такія газеты як “Свабода”, “Навіны”, “Імя”, “БДГ”, вельмі шмат рэгіянальных газетаў, якія не вытрымалі фінансава.
Цяпер за “Хартыяй-97” будзе крочыць поўная зачыстка інтэрнэту. “Хартыя-97” ёсць пэўным рубяжом, акопам, за які трэба змагацца. І гэта можна адкруціць, бо ў адрозненні ад тэлевізіі і радыё інтэрнэт заблакаваць цалкам немагчыма.
Прапанова Наталлі Радзінай была змагацца за “Белпартызан”, але ён здаўся практычна без бою, змагання там не атрымалася.
Сёння “Хартыя-97” змагаецца не толькі за сябе, але і за іншыя медыі. І самае галоўнае, за мільёны беларускіх чытачоў і тых людзей, якія жывуць па-за межамі Беларусі за іх інтарэсы.
Яшчэ некалькі словаў хацеў бы сказаць пра блогера Сцяпана Святлова. Гэта фантастычны малады чалавек, вельмі шмат хто кажа, што ён папулярны і гэтак далей. Ён дае прыклад, як пры мінімальных грошах, але з дакладнай пазіцыяй, сваім праўдзівым бачаннем сітуацыі ў Беларусі, з моладзевым поглядам – вось гэты чалавек стаў папулярным і адразу стаў небяспечным.
За яго трэба змагацца, як за “Хартыю-97” і іншыя медыі. Гэта ўнікальны малады чалавек, я пра яго не вельмі ведаў. Зычу яму мужнасці, зычу яму не зламацца, як шмат хто зламаўся ў апошні час, і разлічваць на сваіх гледачоў, чытачоў і прыхільнікаў. Мы за яго таксама будзем змагацца:
РР: Варта таксама адзначыць, што яшчэ напрыканцы мінулага года Лукашэнка абвесціў свае планы па пераўтварэнні Беларусі ў ІТ-краіну, што гэта будзе такая выспа тэхналагічнай прасунутасці. Як гэта стасуецца з тым, што цяпер адбываецца?
Зміцер Бандарэнка: Канцэпцыя вялікага брата ўзнікла не на пустым месцы. Тэхналогіі – гэта даволі вострая рэч. Кампутары дапамагаюць татальнаму сачэнню. Напрыклад, кожны выезд беларуса за мяжу фіксуецца. Раней такога не было, не было агульнай базы дадзеных. Сёння дзясяткі тысяч відэакамер фіксуюць кожны крок чалавека. Нават у заходніх краінах кажуць, а наколькі гэта стасуецца з вольнасцю? Ці гатовыя людзі аддаць за адносную бяспеку сваю свабоду, ананімнасць?
Калі ж беларусы не будуць змагацца за сваю свабоду, калі Захад спусціць на тармазах закрыццё найпапулярнейшага сайту ў Беларусі , то Беларусь будзе станавіцца не проста паліцэйскай дзяржавай, а тэхнічна ўзброенай паліцэйскай дзяржавай з татальным кантролем.
Зміцер Бандрэнка таксама дадаў, што падтрымлівае заклік Наталлі Радзінай аб увядзенні санкцыяў у сувязі з блакаваннем доступу да “Хартыі-97”. Галоўны рэдактар апазіцыйнага сайту звярнулася да дэпутатаў Еўрапарламенту, каб яны наклалі абмежаванні ў дачыненні да міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча, намесніка міністра Ігара Луцкага (які займае пасаду гендырэктара СТВ) і начальніка аналітычнага цэнтра пры адміністрацыі Лукашэнкі Андрэя Паўлючэнкі. Таксама Наталля Радзіна заклікала ўвесці санкцыі супраць Парку высокіх тэхналогіяў, пакуль у Беларусі не спыніцца ціск на незалежныя медыі.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя