Пра зіму ў Слоніме сто гадоў таму



Выйшаў з друку лютаўскі нумар гісторыка-краязнаўчага электроннага выдання “Слонімскі край”, які выдаюць Сяргей Ёрш і Сяргей Чыгрын. Выданне па-ранейшаму вельмі цікавае новымі архіўнымі фактамі і фотаздымкамі, шмат матэрыялаў друкуецца ўпершыню.

Нумар адкрываецца фотарэпартажам “Зіма ў Слоніме, 1916-1917 гады”, якраз у той час, калі Слонімшчына знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Газета змяшчае шэраг рэдкіх фотаздымкаў, якія чытачы ўбачаць упершыню.

Пазнаёмяцца аматары мінуўшчыны і з цікавымі артыкуламі пра тое, як быў створаны народны тэатр у Слоніме, як уцякалі слонімцы з СССР зімой 1940 года за мяжу, пра слонімскі футбол у міжваенны час (1920-1930-я гады), пра сустрэчу слонімскіх літаратараў са старшынёй Саюза пісьменнікаў БССР Міхасём Лыньковым у пачатку кастрычніка 1939 года і іншыя.

Не абышлі без увагі выдаўцы “Слонімскага краю” і лёсы сваіх землякоў. Упершыню чытачы даведаюцца пра Ядзю Сарачынскую і Уладзіміра Якубсона. Публікуюцца на старонках выдання і рэцэнзіі на кнігі слонімскіх аўтараў і шмат іншых публікацый. Поўнасцю свежы нумар “Слонімскага краю” і іншыя нумары чытайце тут.

Беларускае Радыё Рацыя