У Ваўкавыску зарэгістраваны выпадак адру ў пяцігадовага дзіцяці



У лютым у Ваўкавыску (Гарадзенская вобласць) зарэгістраваны выпадак адру ў пяцігадовага дзіцяці.

Як паведамляе Міністэрства аховы здароўя, дзіця не было прышчэпленае з-за адмовы бацькоў, крыніца інфікавання не ўсталяваная.

У дачыненні да хворага праводзіцца поўны комплекс санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, у тым ліку медыцынскае назіранне і вакцынацыя супраць адру асоб, якія знаходзяцца ў кантакце з дзіцем. У некаторых з іх выяўленыя сімптомы, што не выключаюць захворванне на адзёр, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

Паводле інфармацыі Еўрапейскага цэнтра па кантролі і прафілактыцы захворванняў, у Еўропе працягваецца ўспышка адру. З пачатку 2018 года зарэгістравана больш за 3.000 выпадкаў гэтага захворвання ва Украіне, у Румыніі, Італіі, Вялікабрытаніі, Грэцыі, Германіі, Латвіі, Польшчы, Францыі, Швецыі. Неспрыяльная сітуацыя складваецца таксама ў Сербіі, дзе з кастрычніка 2017 года па 6 лютага 2018-га зарэгістравана 1.884 выпадкі адру, з іх пяць скончыліся смерцю.

Выпадкі захворвання рэгіструюцца сярод усіх узроставых груп, аднак больш за 60% складаюць асобы да 20 гадоў. Больш за 80% захварэлых не былі раней прышчэпленыя супраць адру, што і абумовіла распаўсюджванне інфекцыі ў Еўрапейскім рэгіёне. Асноўнай прычынай нізкага ахопу прафілактычнымі прышчэпкамі супраць адру ў асобных краінах Еўропы паслужыў рост адмоў ад вакцынацыі, які пачаўся ў 2010 годзе.

Як адзначыла ў канцы студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан, у Беларусі за апошнія гады не было ўнутраных выпадкаў захворвання на адзёр, фіксаваліся толькі завозныя. „У нас сітуацыя адносна адру вельмі добрая, і распаўсюджвання завозныя выпадкі не атрымліваюць толькі таму, што высокі ўзровень ахопу насельніцтва прышчэпкамі — 98-99%”, — сказала яна і дадала, што дарослыя могуць зрабіць прышчэпку ў любым медцэнтры платна, дзецям вакцынацыя праводзіцца бясплатна.

Між тым, як паведаміў БелаПАН 26 лютага, праблемы з вакцынай ад адру адзначаныя ў Гомелі, дзе не могуць прышчапіцца некаторыя дарослыя, якія плануюць паездкі ва Украіну і іншыя краіны Еўропы. Паводле слоў аднаго з жыхароў абласнога цэнтра, які мае намер паехаць на працу ў адну з краін ЕЗ, ён звярнуўся ў дзіцячую паліклініку, папрасіў прадаць вакцыну або зрабіць прышчэпку. „Сказалі, што прэйскуранта няма на такую паслугу. Тэлефанаваў у санстанцыю. Сказалі, што нічым дапамагчы не могуць. Я гатовы быў заплаціць за вакцыну як замежнік — але сказалі, што няма вакцыны, няма расцэнак”, — расказаў гамяльчанін.

Тэлефонныя звароты ў філіялы цэнтральнай паліклінікі Гомеля пацвердзілі — вакцыны для дарослых няма.

Атрымаць каментар Міністэрства аховы здароўя з гэтай нагоды пакуль не ўдалося.    БелаПАН