Ганна Канапацкая плануе вылучацца на пост старшыні АГП



Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая плануе вылучацца на пасаду старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі на чарговым з’ездзе арганізацыі, які можа адбыцца ў чэрвені гэтага года.

Як заявіла БелаПАН Канапацкая, АГП цяпер знаходзіцца ў „працяглым сістэмным крызісе”, выкліканым як агульнай палітычнай сітуацыяй у Беларусі, так і дзеяннямі цяперашняга кіраўніцтва партыі.

У прыватнасці, адзначыла яна, у АГП адсутнічае камандная праца і рэальныя перамогі, кіраўніцтва партыі дэманструе няўменне дэлегаваць паўнамоцтвы іншым асобам. „Гэта ненармальна, — дадала Канопацкая, — калі партыя ўспамінае пра выбары за тры месяцы да іх пачатку”.

На чарговым з’ездзе АГП Канапацкая мае намер прадставіць праграму выхаду партыі з крызісу.

Папярэдні справаздачна-выбарны з’езд АГП адбыўся ў ліпені 2016 года. Анатоль Лябедзька, які ўзначальвае арганізацыю з 2000 года, заявіў тады, што, на яго думку, „у любым выпадку, калі не цяпер, то праз два гады ў партыі павінен быць новы старшыня”. „Я за канкурэнцыю, на бліжэйшыя два гады трэба ствараць у партыі атмасферу для альтэрнатывы. У кожнага павінен быць шанец за гэты час стаць прэтэндэнтам на пасаду старшыні і яго намеснікаў”, — сказаў ён.