Пуцін аб’явіў аб валоданні Расеяй гіпергукавой зброяй



Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін аб’явіў аб тым, што Расея валодае гіпергукавой зброяй. Аб гэтым ён заявіў, выступаючы з пасланнем Федэральнаму сходу РФ, паведамляе ТАСС.

Уладзімір Пуцін адзначыў, што ўсе краіны з высокім узроўнем навуковага патэнцыялу актыўна распрацоўваюць гіпергукавую зброю. „У Расеі такая зброя ёсць. Ужо ёсць”, – заявіў кіраўнік расейскай дзяржавы.

Прэзідэнт Расеі таксама паведаміў аб пачатку выпрабаванняў перспектыўнага ракетнага комплексу „Сармат”. „Мы пачалі распрацоўку новага пакалення ракет, у прыватнасці, цяпер Міністэрства абароны сумесна з прадпрыемствамі ракетна-касмічнай галіны пачало актыўную фазу выпрабаванняў новага ракетнага комплексу з цяжкай міжкантынентальнай ракетай. Мы назвалі яго „Сармат”, – заявіў расейскі лідар.

Уладзімір Пуцін таксама адзначыў, што Расея распрацоўвае небалістычныя віды стратэгічнай зброі, супраць якой сістэмы проціракетнай абароны (ПРА) бессэнсоўныя. „Мы пачалі распрацоўку такіх новых відаў стратэгічнай зброі, якія наогул не выкарыстоўваюць балістычныя траекторыі палёту пры руху да цэлі, а значыць, і сістэмы ПРА ў барацьбе з імі проста бессэнсоўныя”, – сказаў кіраўнік расейскай дзяржавы.

Расея прадаставіць партнёрам на Захадзе інфармацыю па новых відах узбраенняў, якія вырабляюцца ў рамках дзеючых міжнародных дагавораў. „Аб усім, што было сказана сёння, мы так ці інакш павінны былі праінфармаваць нашых партнёраў у адпаведнасці з прынятымі на сябе раней міжнароднымі абавязацельствамі, – сказаў ён. У патрэбны час і ў патрэбным аб’ёме спецыялісты МЗС і Мінабароны яшчэ не раз абмяркуюць з імі гэтыя пытанні, калі, вядома, нашы партнёры гэтага захочуць”.

Уладзімір Пуцін адзначыў, што Расея стварае найноўшыя сістэмы ў адказ на выхад ЗША з Дагавора па проціракетнай абароне. „Размова пойдзе аб найноўшых сістэмах расейскай стратэгічнай зброі, што ствараюцца намі ў адказ на аднабаковы выхад Злучаных Штатаў Амерыкі з Дагавора па проціракетнай абароне і практычнага разгортвання гэтай сістэмы як на тэрыторыі ЗША, так і за межамі іх нацыянальных граніц”, – сказаў расейскі прэзідэнт.

Ён нагадаў, што ў 2000 годзе ЗША паставілі пытанне аб выхадзе з Дагавора па проціракетнай абароне. „Расея была катэгарычна супраць. Мы зыходзілі з таго, што савецка-амерыканскі дагавор па ПРА ад 1972 года з’яўляўся краевугольным каменем сістэмы міжнароднай бяспекі. Згодна з гэтым дагаворам, кожная з краін мела права разгарнуць на сваёй тэрыторыі толькі адзін раён, які абараняў яе ад ракетнага нападу”, – падкрэсліў Уладзімір Пуцін. „Усе нашы прапановы былі адхілены. Мы заявілі тады, што будзем вымушаны для гарантавання сваёй уласнай бяспекі ўдасканальваць сучасны ўдарны комплекс”, – дадаў прэзідэнт РФ.

Ён таксама паведаміў, што па перыметры граніц РФ створана суцэльнае радыёлакацыйнае поле сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе (СПРН). „Пасля развалу СССР з’явіліся велізарныя дзіркі. Усё адноўлена”, – сказаў Уладзімір Пуцін.

belta.by