Лукашэнка аб прэтэнзіях Расеі да беларускага малака: Мы проста цярпець гэта не будзем



Праблемы з пастаўкамі беларускага малака ў Расею абмяркоўваліся 1 сакавіка на рабочай сустрэчы кіраўніка дзяржавы з віцэ-прэм`ерам Беларусі Міхаілам Русым.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што паміж дзвюма краінамі зноў пачаліся спрэчкі аб пастаўках малака. „Але хачу сказаць, што без адказу такія рэчы не застануцца. Мы проста трываць гэта не будзем, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — Таму што мяне спецслужбы інфармуюць, што завезлі з Новай Зеландыі ці аднекуль сухое малако (гэта іх справа), з`явіліся лішкі, і яны пачынаюць нас прытрымваць, пакуль рэалізуюць тое малако па высокіх цэнах. Таму ім не падабаецца таннае малако”.

„Мы ім аддамо сваё малако па той цане, якую лічым патрэбнай, а яны няхай расіянам павялічваюць цану, калі там ужо рускія людзі, масквічы або піцерцы, аб`еліся новазеландскім малаком. Таму мяне цікавіць, як вырашаецца гэтае пытанне”, — заявіў Лукашэнка, звяртаючыся да Міхаіла Русага, якому даручана ўрэгуляваць праблему.

26 лютага Рассельгаснагляд увёў часовыя абмежаванні на пастаўкі малака і некаторых іншых відаў беларускай малочнай прадукцыі, сцвярджаючы, што ў ёй выяўлена „найбольшая колькасць парушэнняў”. Пад абмежаванні патрапілі: малако і вяршкі пастэрызаваныя, стэрылізаваныя і ультрапастэрызаваныя налівам; малако і вяршкі сухія, канцэнтраваныя, кансерваваныя і згушчаныя; сыроватка малочная наліўная, канцэнтраваная, сухая; канцэнтрат сыроватачнага і малочнага бялку.

belapan.by