Грошы на дошку да 100-годдзя БНР сабралі за тры гадзіны



Улады пагадзіліся ўсталяваць мемарыяльную дошку на доме ў Менску (вул. Валадарскага 9), дзе была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. 1-га лютага стала вядома, што такі дазвол ёсць.

Журналіст і грамадскі дзеяч Глеб Лабадзенка пачаў тэрміновы збор сродкаў. 6000 рублёў сабралі за 3 гадзіны. 

Глеб Лабадзенка пра падрабязнасці кампаніі.

1. Ці можна перарабіць цяперашнюю дошку?

Можна. Але ці не будзе сорамна за яе перад нашчадкамі? Дошка знаходзіцца ў аварыйным стане і пры дэталёвым аглядзе выглядае непрывабна.

2. Чаму не адліць зноў з сілуміну, каб ашчадзіць грошы?

Эканомія на матэрыяле складзе толькі каля 40%, а глядзецца яна будзе ў разы горш. Бронза — высакародны матэрыял. 100-годдзе БНР — дата, да якой трэба павесіць годную дошку.​

3. Чаму павінны слухацца ўладу і выпраўляць тарашкевіцу на наркамаўку?

Не павінны, можам пачаць дыскутаваць і адкласці справу яшчэ на 25 гадоў. Лепш, каб дошка была з некалькімі выпраўленымі літарамі ці не з’явілася зусім?

4. Ці згодны Алесь Шатэрнік з праўкамі на дошцы і адліўкай яе з бронзы?

Так, гэта робіцца з ягонай згоды. У 1993 годзе дошку адфармавалі і адлілі не вельмі якасна, цяпер можна перарабіць яе больш годна. Паколькі спадар Алесь цяпер за мяжой, зрабіць копію дошкі ён упаўнаважыў скульптара Ігара Засімовіча.

5. Ці не знікне з дошкі «Пагоня»?

Не знікне. Гэтае пытанне ўздымалася і гаворка пра прыбіранне «Пагоні» нават не стаіць.

6. Дзе будзе змешчаная гэтая дошка?

На будынку па цяперашняй вуліцы Валадарскага, 9 — менавіта там 25 сакавіка 1918 году была абвешчана БНР.

7. Чаму збіраецца менавіта такая сума?

Кілаграм бронзы з адліўкай каштуе ў сярэднім 25 даляраў. Так, дошка Рыгору Барадуліну, супастаўная паводле памераў, важыла 114 кілаграм. Калі б мелі больш часу, адлілі б ва Украіне, як помнік Касцюшку. Але зрабіць гэта за тры тыдні немагчыма.

8. Калі з’явіцца дошка?

Цяпер стаіць мэта вырабіць і перадаць яе на мантаж да 20 сакавіка з умовай, што да 25-га яна будзе вісець на доме. Калі хочам, каб так і было, адзіны спосаб — сабраць сродкі і адліць годную бронзавую дошку!

Беларускае Радыё Рацыя