Пяць гадоў таму не стала Міколы Арочкі



Пяць гадоў таму, 2 сакавіка 2013 года, не стала доктара філалагічных навук, паэта, празаіка, крытыка, літаратуразнаўца і перакладчыка Міколы Арочкі (1930-2013). Ён памёр у роднай вёсцы Вецявічы на Слонімшчыне, дзе яго пахавалі на грузавым калгасным аўтамабілі жонка, унук, некалькі вяскоўцаў і слонімцаў. Развітацца з вялікім навукоўцам і пісьменнікам у той дзень не пажадалі ні мясцовыя вертыкальшчыкі, ні калегі з Інстытута літаратуры Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, дзе ён усё жыццё адпрацаваў, ні прадстаўнікі з Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Мікола Арочка – адзін з таленавітых беларускіх літаратараў ХХ-ХХI стагоддзяў. З-пад яго пяра выйшлі з друку найвыдатнейшыя гістарычныя паэмы “Курганне. Крэва” (1982), “Судны дзень Скарыны” (1990), “Каранацыя Міндоўга” (2003).

Ён з’яўляецца аўтарам шматлікіх кніг паэзіі, сярод якіх – “Матчына жыта”, “Бяздонне”, “Падземныя замкі”, “Памяць зярнятаў” і іншыя, літаратуразнаўчых кніг пра Валянціна Таўлая, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, пра сучасную паэзію і ваенную прозу, кніг перакладаў.

Да сённяшніх дзён на Слонімшчыне так і не ўшанавана памяць пра знакамітага і таленавітага земляка. На магіле ў вёсцы Вецявічы жонка пісьменніка Марыя Іванаўна і ўнук Валерый паставілі яму помнік.  

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя