Павел Белавус: Трэба аб’яднацца вакол агульнага свята
Менскія гарадскія ўлады далі дазвол на святкаванне ў цэнтры Менска 100-годдзя БНР. Фармат мерапрыемства – канцэрт-мітынг на плошчы каля Вялікага тэатра оперы і балета. Дакумент аб дазволе быў атрыманы сёння, 2 сакавіка, арганізатарамі ў Менгарвыканкаме. Заяўку на правядзенне канцэрту падалі пяць прадстаўнікоў апазіцыі: партыі АГП, БНФ і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух «За Свабоду» ды асветніцкая ўстанова «Амарока».
Як распавёў Антону Разумоўскаму адзін з арганізатараў мерапрыемстваў да стагоддзя БНР Павел Белавус, зараз трэба аб’яднацца вакол агульнага свята.
Павел Белавус: Я лічу, што ўлады пагадзіліся таму, што гэта трэба ўсім. Гэта трэба і дзяржаве, гэта трэба і звычайным беларусам, гэта трэба і самой Беларусі. Вось такое нацыянальнае яднанне беларусаў, бо гэта сапраўды нацыянальнае свята. І тут нельга адмаўляць ні ў якім выглядзе нікому, таму што, усім зразумела, 100 гадоў назад гэтая падзея была, і гэтая падзея паўплывала на тое, што сёння ёсць у нас краіна Беларусь, ёсць свая сталіца, свая дзяржава. Без тых падзеяў не было б сённяшняй нашай краіны. Таму гэта патрэбна ўсім. Тут мне падаецца, што дзяржава нарэшце робіць разумныя крокі і даверылася нам. І ў прынцыпе мы адчулі, што ёсць вера ў тое, што мы сапраўды зробім гэта прыгожа і яскрава. Тыя ўсе ўмовы, якія мы паставілі, па часе, па нейкіх тэхнічных патрабаваннях, па наяўнасці нацыянальных сімвалаў, – гэта ўсё паабяцана выканаць і ніякіх перашкодаў у гэтым не рабіць.
РР: Павел, вы сказалі як раз пра яднанне. Ці такі адказ з Менгарвыканкама дазволіць аб’яднацца ў тым ліку і апазіцыі?
Павел Белавус: Гэта трэба быць вельмі недальнабачнымі людзьмі, калі маючы такі пазітыўны адказ і такую пазітыўную рэакцыю звычайных беларусаў, выступаць супраць і спрабаваць назло ставіць палкі ў колы. Гэта не лепш за некаторыя паводзіны дзяржавы. Таму я лічу, што гэта яднанне, бо маем сённяшні прыклад, калі быў дадзены таксама адказ на дазвол на ўсталяванне шыльды да 100-годдзя БНР, і гэтае пытанне было даручана асабіста Глебу Лабадзенку. Ён на практыцы паказаў, што падобныя справы робіць вельмі хутка і якасна. І ўжо за тры гадзіны 6000 рублёў былі сабраныя на шыльду. Гэта рэкорд па хуткасці ў беларускім краўдфандынгу. Ніхто ніколі за такія кароткія тэрміны не збіраў патрэбную суму на канкрэтную задачу. Гэта паказвае яшчэ раз, што ёсць яднанне, ёсць патрэба людзей у свяце. Гэтыя каштоўнасці, якія закладзеныя айцамі-заснавальнікамі БНР, яны жывуць і маюць жывы водгук у сённяшніх, сучасных беларусаў.
РР: На колькі ведаю, і збор сродкаў на арганізацыю свята таксама даволі хутка рухаецца…
Павел Белавус: Я магу сказаць, што калі мы запусцілі гэты збор некалькі тыдняў назад, то спачатку ён рухаўся паступова – 10, 15, 20 адсоткаў. Бо мы абяцалі людзям, што зробім вялікае культурнае мерапрыемства. Мы гэта абяцалі калі яшчэ ў ніякія аргкамітэты не ўступалі. Бо гэта мы ўжо пачалі планаваць даўно. Нам паверылі і пачалі пералічваць. Але зараз пачалі з’яўляцца пазітыйныя навіны, што мерапрыемства сапраўды адбудзецца, і зразумела, што краўдфандынг значна паскорыўся. Я таксама заклікаю ўсіх беларусаў, якія жывуць у Беларусі і за мяжой, падтрымаць нас, бо Беларуская Народная Рэспубліка і была народнай, бо яе ствараў народ, таму і нашае мерапрыемства мае такую пераемнасць, бо яго арганізоўваюць людзі разам.
РР: Ці ёсць ужо нейкія агульныя рысы, нейкія канкрэтныя асобы, хто прыме ўдзел у гэтым канцэрце?
Павел Белавус: Я магу скаць пра тых выканаўцаў-музыкаў, з якімі ўжо ёсць канкрэтныя дамоўленасці – гэта Лявон Вольскі, гэта гурт “Крама”, гэта гурт “Нейрадзюбель”, гэта Кася Камоцкая, гэта гурт “Акутэ” і шэраг маладых гуртоў. Мы хочам, каб мерапрыемства сабрала сапраўды знакавых лепшых музыкаў апошняга 25-годдзя. Бліжэйшыя некалькі дзён мы апублікуем падрабязную праграму мерапрыемства.
Нагадаем, увесь апошні тыдзень розныя прадстаўнікі беларускай апазіцыі абмяркоўвалі, як лепш адзначыць 100-годдзе абвяшчэння БНР, якое сёлета выпадае на нядзелю.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя