Як Дзень Волі адзначаць у Гародні?



У Гародні прайшло чарговае пасяджэнне грамадскага арганізацыйнага камітэта па святкаванні 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Запланаваныя літаратурна-навуковая вечарына ды нацыянальная дыктоўка з удзелам музыкаў. Таксама магчыма, што святкаванне адбудзецца на адкрытай пляцоўцы, калі адміністрацыя пагодзіцца на святочную акцыю ў цэнтры горада.

Дзень Волі павінен быць святам для усіх, хто лічыць сабе беларусам, мяркуе большасць удзельнікаў грамадскага камітэта. Кажа Эдвард Дмухоўскі:

– 25-га сакавіка павінна быць праведзена ў святочным, урачыстым фармаце. Мэта ўсяго гэтага мерапрыемства – гэта святкаванне. Трэба даць людзям пасыл таго, што адбылося 100 гадоў таму. 100 гадоў таму была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Ва ўстаўных граматах былі прапісаныя правы беларускга народа – гэта значыць і палякаў, і расейцаў, і ўкраінцаў, і габрэяў, якія жылі на гэтай тэрыторыі.  

Найбольш спрэчным быў варыянт святавання ў цэнтры горада. Падчас першага звароту аргкамітэта, адміністрацыі прапаноўвалі далучыцца да святкавання, але атрымалі адмову. Пасля пераменаў у стаўленні менскіх уладаў да святкавання, гарадзенскі грамадскі камітэт прадпрыме яшчэ адну спробу паразумецца з адміністрацыяй Гародні. Кажа Вадзім Саранчукоў:

– Большасць удзельнікаў схіляецца да таго, што гэта сапраўды свята – мірнае і святочнае. Разглядаецца магчымасць кантактаў з адміністрацыяй горада, асабліва пасля таго, як, напрыклад, Менскі выканаўчы камітэт задаволіў заяўку аргкамітэта ў Менску – дазволіўшы пляцоўку перад Оперным тэатрам. Зараз мы зноў жа паспрабуем наладзіць гэтыя ўзаемадзеянні, ну і безумоўна ў панядзелак будзем прымаць канчатковае рашэнне па фармаце мерапрыемстваў, якія будуць праходзіць у горадзе.

Паводле ўдзельнікаў грамадcкага камітэта, мерапрыемствы па святкаванні 100-годдзя БНР пройдуць у Гародні 23, 24, і 25-га сакавіка.

Літаратурна-навуковая вечарына пройдзе а 18:30 23-га сакавіка, па адрасе вул. Будзёнага 48А-100. Нацыянальная дыктоўка адбудзецца 24-га сакавіка пасля абеда па тым жа адрасе.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня