Пяць апазіцыйных арганізацый дамовіліся аб правядзенні Кангрэса
Пяць апазіцыйных партыяў і рухаў падпісалі пагадненне аб працэдуры вылучэння адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах наступнага году. Як паведаміў намеснік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў, усе разумеюць, што да выбараў застаўся няцэлы год, час упушчаны і таму трэба хутка рыхтаваць Кангрэс дэмакратычных сілаў:
– Зразумела, што кангрэс не рыхтуецца за адзін дзень, прыйдзецца папрацаваць, каб сабраць людзей на кангрэс, каб вызначыць дэлегатаў. Патрэбны час. Іншага выйсця няма. Трэба шукаць агульнага пагаднення і пачынаць працаваць. Хаця бы паспець да вясны і вызначыцца з адзіным кандыдатам, менавіта на кангрэсе.
Пагадненне падпісалі: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя „Грамада”, Рух „За Свабоду”, кампанія „Гавары праўду”, Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. Як мяркуецца, падрыхтоўка да Кангрэсу дэмакратычных сіл пачнецца яшчэ сёлета.
* * *
Пяць апазіцыйных партыяў і рухаў падпісалі пагадненне аб працэдуры вылучэння адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах наступнага году. Па словах лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, яго партыя надалей выступае за абранне адзінага, аднак праблема не ў ягонай партыі, а ў астатніх, якія дыскусію называюць пагадненнем:
– Праблема як раз не ў АГП. Мы яшчэ ў траўні месяцы правялі свой партыйны кангрэс, заявілі пра сваю пазіцыю і больш таго – вылучылі чалавека для ўдзелу ў гэтай працэдуры. Да сённяшняга дня ні адна іншая структура такой працы не зрабіла. А вось у такой канфігурацыі, па такім сцэнары можна абраць, мякка кажучы, не толькі адзінага кандыдата, але яшчэ Папу Рымскага і кіраўніка Цэнтральнага раёну Менска.
Пагадненне аб вылучэнні адзінага было прадстаўленае на нечаканай прэс-канферэнцыі. У ёй узялі ўдзел Аляксей Янукевіч ад БНФ, Андрэй Дзмітрыеў ад “Гавары праўду”, Юрась Губарэвіч ад руху “За Свабоду” і Ірына Вештард ад “Грамады”. Ад хрысціянскіх дэмакратаў дакумент падпісаў Павел Севярынец. Пад пагадненнем няма подпісу ад АГП і “Справядлівага свету”.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Улада Швядовіча