У нядзелю ў Беларусі працягнуцца снегапады



Паводле прагнозу Белгідрамета, у нядзелю, 4 сакавіка, на большай частцы тэрыторыі Беларусі будзе ісці снег, ноччу ў некаторых рэгіёнах — моцны снег.

4 сакавіка надвор’е ў краіне будзе вызначаць цыклон, які перамяшчаецца з поўначы Украіны на цэнтральныя раёны еўрапейскай тэрыторыі Расеі. Чакаецца пахмурнае надвор’е, на большай частцы тэрыторыі снег, ноччу па ўсходняй палове краіны моцны снег, на дарогах снежныя заносы. У асобных раёнах мяцеліца. Вецер паўночны, паўночна-заходні, парывісты, па ўсходзе рэспублікі месцамі да моцнага. Тэмпература паветра ў начныя і ранішнія гадзіны панізіцца да мінус 8 — 14°С, у другой палове дня маразы аслабеюць да мінус 3 — 9°С.

У панядзелак, 5 сакавіка, Беларусь будзе знаходзіцца ў полі павышанага атмасфернага ціску. Чакаецца пераважна без ападкаў, толькі ноччу па ўсходзе краіны месцамі кароткачасовы снег. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўночна-заходні з пераходам на паўднёва-ўсходні ўмераны, ноччу па ўсходзе парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ноччу мінус 10 — 16°С (пры праясненнях мінус 17 — 19 ° С), максімальная днём ад 0 — плюс 2°С па паўднёвым захадзе да мінус 6 — 8°С па паўночным усходзе краіны.

6 сакавіка ноччу рэспубліка будзе заставацца ў полі павышанага атмасфернага ціску, раніцай і днём чакаецца паступленне вільготнага і больш цёплых паветраных мас з поўдня Еўропы. Ноччу пераважна без ападкаў, раніцай і днём у асобных раёнах пройдзе кароткачасовы снег; па паўднёвым захадзе мокры снег, слабы туман і галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўднёва-ўсходні ўмераны. Тэмпература паветра мінімальная ноччу мінус 9 — 15°С (пры праясненнях мінус 16 — 18°С), у паўднёва-заходніх раёнах мінус 6 — 8°С, максімальная днём ад плюс 2°С па паўднёвым захадзе да мінус 5°С па паўночным усходзе краіны.

belapan.by