Журналіст Алесь Ляўчук аштрафаваны на 25 базавых



Суд Маскоўскага раёна Берасця 3 сакавіка аштрафаваў на 25 базавых велічынь (612.5 рублёў) берасцейскага незалежнага журналіста Алеся Ляўчука, абвінавачанага ў незаконным вырабе і распаўсюджванні прадукцыі СМІ (па частцы 2 артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях).

У пачатку студзеня 2018 года журналіст зняў матэрыял, у якім расказаў аб карупцыйнай схеме берасцейскіх чыноўнікаў: адну з вуліц у Берасці (вул. Шаўчэнкі) адрамантавалі толькі напалову, а ў справаздачы напісалі, што рамонт быў на ўсёй вуліцы. Матэрыял выйшаў на тэлеканале „Белсат”. Супрацоўнік міліцыі Маскоўскага РАУС Раман Трафімук ўручыў Ляўчуку павестку ў міліцыі проста ў супермаркеце, а ўжо на наступны дзень, 27 лютага, на журналіста быў складзены пратакол. Трафімук паведаміў Леўчуку, што суд адбудзецца 2 сакавіка, журналіст распісаўся, што інфармаваны пра гэты факт. Але 2 сакавіка суд без тлумачэння прычын не адбыўся.

3 сакавіка ў 9.46 журналіст атрымаў на свой тэлефон паведамленне, што суд адбудзецца праз 14 хвілін, патрапіць на працэс Алесь Ляўчук проста не паспяваў. У выніку без сведак і самога абвінавачванага суддзя Маскоўскага раёна Берасця Раман Карабан прысудзіў журналісту штраф 25 базавых велічынь.

„Сёння ў іх заканчваліся тэрміны, калі мяне можна было прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці па гэтай справе, таму міліцыя і суддзя вельмі моцна спяшаліся і нарабілі столькі памылак. Безумоўна, мы з адвакатам гэтае рашэнне будзем аспрэчваць”, — заявіў Алесь Ляўчук БелаПАН.

Варта адзначыць, што міліцыянер Трафімук і суддзя Карабан дзейнічаюць у дачыненні да Ляўчука ўжо другі раз. У 2015 годзе Трафімук складаў на журналіста пратакол, а суддзя Ляўчук аштрафаваў яго на 21 базавую велічыню.

belapan.by