Першы польскі корпус і не толькі



Ігар Мельнікаў пачаў збор сродкаў на выданне ўнікальнай кнігі, прысвечанай гісторыі знаходжання частак Першага польскага корпуса, а потым і Вялікапольскай дывізіі на тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918, 1919-1920 гадах.

Падтрымаць гэты, вельмі цікавы праект, можна на сайце talaka.org. Новая кніга беларускага гісторыка Ігара Мельнікава – гэта больш за 200 старонак унікальных фактаў вайсковай гісторыі Беларусі і Польшчы, а таксама каля 300 архіўных і сучасных здымкаў, большасць з якіх публікуюцца ў Беларусі ўпершыню. 

У Беларусі па сёння не выдана ні адной навуковай і навукова-публіцыстычнай кнігі, прысвечанай гісторыі Першага польскага корпуса ў Бабруйску. Дзіўна, што настолькі значная старонка ў гісторыі не толькі горада на Бярэзіне, але і Беларусі амаль не вывучаная ў айчыннай гістарыяграфіі. Больш за тое, значная колькасць не толькі жыхароў Бабруйска, але і ўсёй Беларусі не адрозніваюць перыяд знаходжання Першага польскага корпуса на тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918 годзе і акупацыю Бабруйшчыны польскімі войскамі ў 1919 – 1920 гг. Між тым, гэта зусім розныя гістарычныя сюжэты, хоць і маючыя ўскосныя сувязі. Якія? Тут варта ўзгадаць хаця б тое, што Першы польскі корпус стаў калыскай вайсковых і дзяржаўных кадраў міжваеннай Польшчы. Напрыклад, Уладзіслаў Андэрс, які падчас Другой сусветнай вайны камандаваў Войскам Польскім на Захадзе, і адзін з бацькоў польскай выведкі Ігнацы Матушэўскі пачыналі якраз з корпуса генерала Доўбар-Мусніцкага. Пра большасць такіх асобаў пойдзе гутарка ў гэтай кнізе. Да таго ж, Вялікапольскае войска, якое будзе змагацца супраць бальшавікоў на Бабруйшчыне ў 1919 годзе, у значнай ступені складалася з “легіянераў”, якія знаходзіліся ў Бабруйскай крэпасці годам раней.

Галоўная мэта гэтага выдання – распавесці чытачам гісторыю стварэння і дзейнасці Першага польскага корпуса на тэрыторыі Беларусі, апісаць тыя факты, пра якія раней не ўзгадвалі айчынныя даследчыкі і навукоўцы. Перыяд, калі гэтая вайсковая фармацыя знаходзілася на тэрыторыі нашай краіны, адзін з ключавых у беларускай гісторыі. Менавіта ў сакавіку 1918 года была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі – дзяржавы, без якой не было б створана савецкая Беларусь. БНР стала першай у ХХ стагоддзі спробай беларусаў заявіць пра жаданне жыць у незалежнай дзяржаве. Факт яе стварэння заклаў падмурак, на якім ужо ў канцы ХХ стагоддзя паўстала незалежная Рэспубліка Беларусь. Якую палітыку абрала камандаванне Першага польскага корпуса ў дачыненні да беларусаў і іх краіны? За што змагаліся польскія легіянеры ў 1918 годзе? Як ацэньвалі польскія камандзіры вартасць Бабруйскай крэпасці? Як БНР ставілася да войска Доўбар-Мусніцкага? На гэтыя і іншыя пытанні вы знойдзеце адказы ў кнізе “Забыты корпус”. 

Падзеі польска-бальшавіцкай вайны на Бабруйшчыне – гэта таксама малавывучаны аспект беларускай гісторыі. У новым выданні аўтар паспрабаваў абагульніць вядомыя факты, а таксама знайшоў і апрацаваў значную колькасць новых дакументаў, матэрыялаў і ўспамінаў, якія дапамагаюць зразумець тыя падзеі менавіта з беларускага пункту гледжання. 

Асобная ўвага ў выданні нададзеная гісторыі Бабрускай крэпасці – аднаго з архітэктурных цудаў Беларусі. Вельмі спадзяюся, што кніга, якую чытач трымае ў руках, дапаможа яму ліквідаваць яшчэ адну “белую пляму” ў ведах па айчыннай гісторыі, звязаную з гісторыяй Першага польскага корпуса на тэрыторыі Беларусі. Веру, што гэтая праца паспрыяе развіццю цікавасці да мінуўшчыны Бабруйска і цытадэлі на Бярэзіне. 

Варта падкрэсліць, што Ігар Мельнікаў прысвяціў сваю новую кнігу 100-гадоваму юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама роднаму для яго Бабруйску. 

istpravda.ru