Уладзімір Някляеў абскарджвае лістападаўскі арышт у Вярхоўным судзе



Паэт і апазіцыйны палітык Уладзімір Някляеў накіраваў скаргу ў Вярхоўны суд на рашэнне суда Ленінскага раёна Менска ад 1 лістапада 2017 года, згодна з якім ён быў пакараны 10 суткамі арышту за заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Пра гэта Някляеў паведаміў БелаПАН.

Рашэнне аб арышце палітыка тады прыняла суддзя Святлана Мятлёнак. Някляеў быў асуджаны па арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства). Як заклік на „Марш абураных беларусаў”, які прайшоў 21 кастрычніка, суд расцаніў фрагмент інтэрв’ю палітыка тэлеканалу „Белсат”. Тэкст інтэрв’ю быў размешчаны на сайце „Хартыя-97”.

На пытанне, чаму беларусы павінны пайсці на гэтую акцыю, Някляеў адказаў, што згодна з дэкрэтам № 3 аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства „практычна ўсіх, хто па нейкай прычыне часова або пастаянна не мае працы, можна заявіць дармаедамі і займацца паборамі з іх”. „Так што, калі ёсць воля абараняць свае правы, то трэба ісці і іх абараняць”, — сказаў палітык.

Рашэнне суда Ленінскага раёна Някляеў абскардзіў у Менгарсудзе, аднак 22 лістапада гарадскі суд адмовіў у задавальненні яго скаргі.

Як адзначыў Някляеў у каментары БелаПАН, дзесяцісутачны арышт, прызначаны яму больш за чатыры месяцы таму, ён так і не адбыў. „Па-першае, увесь час ідуць гэтыя абскарджанні. Я думаю, улады фармальна трымаюць у „запасе” гэтыя дзесяць сутак, каб „закрыць” мяне ў зручны момант”, — сказаў ён.

Палітык не выключае, што, калі Вярхоўны суд у найбліжэйшы час не задаволіць яго скаргу, яго могуць арыштаваць напярэдадні мерапрыемстваў з нагоды 100-годдзя БНР 25 сакавіка.

Някляеў лічыць, што сам факт прыцягнення яго да адміністрацыйнай адказнасці за выказванне асабістага меркавання, расцэненага як заклік да ўдзелу ў недазволенай уладамі акцыі, „з’яўляецца непрапарцыйнай мерай абмежавання свабод і накіраваны не на абарону грамадскіх інтарэсаў, а на стварэнне перашкод ажыццяўленню сваіх канстытуцыйных правоў”.