Рассельгаснагляд з 15 сакавіка забароніць увоз беларускага малака
Рассельгаснагляд перанёс на 15 сакавіка ўвядзенне забароны на ўвоз беларускай малочнай сыравіны. Гэта вынікае з паведамлення, апублікаванага 5 сакавіка на сайце расейскага ведамства.
26 лютага Рассельгаснагляд увёў часовыя абмежаванні на пастаўкі малака і некаторых іншых відаў беларускай малочнай прадукцыі, сцвярджаючы, што ў ёй выяўленыя „найбольшая колькасць парушэнняў”. Пад абмежаванні трапілі: малако і вяршкі пастэрызаваныя, стэрылізаваныя і ўльтрапастэрызаваныя налівам; малако і вяршкі сухія, канцэнтраваныя, кансерваваныя і згушчаныя; сыроватка малочная наліўная, канцэнтраваная, сухая; канцэнтрат сыроватачнага і малочнага бялку.
„Партыі тавараў малочнай сыравіны, якія паступілі на часовыя кантрольныя ветэрынарныя пункты, размешчаныя на расійска-беларускім участку мяжы, пасля 15 сакавіка 2018 года будуць вернутыя ў Беларусь”, — гаворыцца ў сённяшнім паведамленні Рассельгаснагляда.
У пачатку мінулага тыдня беларуская ўрадавая дэлегацыя наведала Маскву, дзе правяла перамовы з расейскімі калегамі. Паводле іх вынікаў дзеянне забароны было перанесенае на 6 сакавіка.
1 сакавіка на рабочай сустрэчы з віцэ-прэм’ерам Беларусі Міхаілам Русым Аляксандр Лукашэнка заявіў: „Хачу сказаць, што без адказу такія рэчы не застануцца. Мы проста цярпець гэта не будзем. Таму што мяне спецслужбы інфармуюць, што завезлі з Новай Зеландыі ці аднекуль сухое малако (гэта іх справа), з’явіліся лішкі, і яны пачынаюць нас прытрымліваць, пакуль рэалізуюць тое малако па высокіх цэнах. Таму ім не падабаецца таннае малако”.
2 сакавіка на брыфінгу ў Маскве прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў выказаў надзею, што праблема з пастаўкамі беларускай прадукцыі ў Расею будзе вырашаная. Ён падкрэсліў, што Расія і Беларусь — гэта адзіная саюзная дзяржава, якая ўваходзіць у Еўразійскі эканамічны саюз. „Паміж двума найбліжэйшымі саюзнікамі непазбежна часам узнікаюць спрэчкі. У выніку дыялогу кожны раз атрымліваецца іх ўрэгуляваць. Разлічваем, што будзе дасягнутае разуменне і гэтым разам, і з часам мы вырашым і гэтую сітуацыю таксама”, — адзначыў прэс-сакратар Пуціна.
У прэс-службе Мінсельгасхарча Беларусі БелаПАН паведамілі, што сёння ў Маскве працягваюцца перамовы па ўрэгуляванні пытання паставак малака ў Расію. Беларускую дэлегацыю ўзначальвае намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання — дырэктар дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Іван Смільгінь.